«Ніхто не мае права забіраць у народа еўрапейскую будучыню» — прэзідэнт Грузіі падтрымала пратэст
Пратэсты ў Тбілісі не сціхаюць. Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі адмяніла ўсе запланаваныя на сёння сустрэчы ў ААН і выступіла са зваротам да нацыі на фоне статуі Свабоды, у якім падтрымала пратэстоўцаў.
Так пратэставалі 7 сакавіка каля парламента Грузіі з-за закону аб «замежных агентах».
1.40. У двары храма Кашвеці, дзе хаваліся пратэстоўцы, спецназ ужыў газ. Пачаліся арышты ля царквы.
1.30. Ля царквы Кашвеці, непадалёк ад парламента, і ў ваколіцах праспекта Руставелі застаюцца некалькі тысяч чалавек.
Людзі скандуюць: «Сакартвэла!». Некаторыя пратэстоўцы пасля масавай атакі сілавікоў пры дапамозе слезацечным газам збіраюцца ў царкве.
Апазіцыйная партыя «Стратэгія Агмашэнебелі» заявіла, што кактэйлі Молатава кідалі не пратэстоўцы, а агенты грузінскіх спецслужбаў. Рабілася гэта дзеля апраўдання жорсткага разгону мітынгу
1.20. У цэнтры Тбілісі пачаліся затрыманні пратэстоўцаў.
Верагодна, арыштаваны адзін з лідараў Адзінага нацыянальнага руху Георгій Мумладзэ і лідар «Гірчы — больш свабоды» Зураб Джапарыдзэ.
ЕС: Закон пра «замежных агентаў» несумяшчальны з каштоўнасцямі і стандартамі ЕС
Жазэп Барэль, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі, зрабіў заяву па падзеях у Грузіі:
«У першым чытанні парламент Грузіі прыняў новы закон "Аб празрыстасці замежных уплываў". Гэта вельмі дрэнная падзея для Грузіі і яе народа.
Закон у яго цяперашнім выглядзе пагражае арганізацыям грамадзянскай супольнасці і СМІ негатыўнымі наступствамі для многіх грузін, якія атрымліваюць карысць ад іх дзейнасці. Гэты закон несумяшчальны з каштоўнасцямі і стандартамі ЕС.
Гэта супярэчыць заяўленай мэце Грузіі стаць чальцом Еўрапейскага саюза, якую падтрымлівае большасць грамадзян Грузіі. Яго канчатковае прыняцце можа мець сур'ёзныя наступствы для адносін паміж намі».
Пратэстоўцаў адціснулі ад парламента.
Сілавікі шчыльнымі шэрагамі са шчытамі ідуць па праспекце Руставелі. Па ўсім праспекце слёзацечны газ.
МУС Грузіі на гэты момант пацвердзіла затрыманне шасці чалавек на акцыі перад парламентам.У Батумі таксама адбываецца акцыя пратэсту. Але яна праходзіць значна больш мірна.
00.10. Сілавікі збіваюць пратэстоўцаў.
23.43 Пратэстоўцы спрабуюць патрапіць у парламент і зносяць загароды каля яго.
23.30. МУС Грузіі працягвае ўжываць спецсродкі для разгону дэманстрантаў
Супрацоўнікі МУС Грузіі працягваюць ужываць ля будынка парламента ў Тбілісі спецсродкі для разгону дэманстрантаў, якія выступаюць супраць законапраекта аб «замежных агентах».
У прыватнасці, паліцыя выкарыстоўвае вадамёты і слёзацечны газ.
Грузінскія СМІ паведамляюць, што сярод удзельнікаў мітынгу і супрацоўнікаў паліцыі ёсць пацярпелыя.
Саламэ Зурабішвілі падтрымала ў сваім звароце да нацыі пратэстоўцаў. І заявіла, што «сёння тыя, хто падтрымлівае гэты закон», парушылі канстытуцыю.
Выступ прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі на фоне статуі Свабоды ў ЗША. Скрыншот з відэа
«Я звяртаюся да тых, хто сёння ўвечары стаіць на Руставелі, як і шмат разоў стаяў. Я стаю тут, у Нью-Ёрку, а ззаду мяне Статуя Свабоды. Свабода — гэта сімвал, за які заўсёды змагалася Грузія... Я побач з вамі. Сёння вы прадстаўляеце свабодную Грузію.
Грузія, якая бачыць сваю будучыню ў Еўропе, нікому не дазволіць гэтую будучыню адабраць. Гэта будучыня належыць нашаму наступнаму пакаленню. Гэта будучыня, якую рыхтавалі папярэднія пакаленні, рыхтавалі і мы. Ніхто не мае права адымаць у вас ваша будучыня. Ніхто не мае права ставіць пасткі.
Гэты закон нікому не быў патрэбны, ён узяты з ніадкуль, і нікому не патрэбны, акрамя дыктату Масквы. Гэта трэба адмяніць. Ні ў якой форме яго не трэба адпраўляць у Венецыянскую камісію. Там выдатна ведаюць, што гэта за закон. Я з першага дня казала, што будзе вета. І вета будзе.
Мяне не хвалюе паартыкульнае абмеркаванне гэтага закона, яго падабенства са старым амерыканскім законам, які, як мы выдатна ведаем, служыць зусім іншай мэце.
Мяне цікавіць толькі будучыня Грузіі, толькі Канстытуцыя, гарантам якой я з'яўляюся, і ў гэтай Канстытуцыі напісана, што ўсе інстытуты Грузіі, і ў першую чаргу я, урад, улады, абавязаны зрабіць усё для таго, каб прывесці гэтую краіну ў Еўрасаюз, абараніць шлях еўрапейскай інтэграцыі.
Сёння тыя, хто падтрымлівае гэты закон, і тыя, хто галасаваў за гэты закон, парушаюць Канстытуцыю. Вы адводзіце нас усіх ад Еўропы».
Спецназ адціснуў пратэстоўцаў з вуліцы Чытадзэ з дапамогай вадамётаў.
Супрацоўнікі спецназа з дапамогай вадамётаў разагналі ўдзельнікаў мітынгу ў раёне вуліцы Чытадзэ, піша «Эхо Кавказа». Сілавікі цалкам занялі вуліцу. Акрамя таго, праваахоўнікі затрымалі некалькіх удзельнікаў акцыі. Сярод пацярпелых ёсць і прадстаўнікі СМІ, якім ратавальнікі аказваюць першую дапамогу.
Прэзідэнт Грузіі падтрымала пратэстоўцаў, якія не згодныя з прыняццем законапраекта аб замежных агентах, адзначае ТАСС. Саламэ Зурабішвілі сказала, што скарыстаецца сваім правам вета ў дачыненні да скандальнага закона.
Паліцыя ўжыла гумовыя кулі пасля таго, як удзельнікі акцыі сталі кідаць кактэйлі Молатава і камяні ў паліцэйскіх.
Адзін з кактэйляў Молатава трапіў у будынак грузінскага парламента.
Сілавікі спрабуюць зачысціць плошчу перад парламентам Грузіі. Масава ўжываецца слёзацечны газ і сілавыя метады арышту.
Удзельнікі акцыі пратэсту ля парламента Грузіі кінулі ў сілавікоў «кактэйлі Молатава».
На месцы мабілізаваны спецназ, беспрэцэдэнтная колькасць праваахоўнікаў і так званыя рабакопы, паведамляе SOVA.
Дэманстранты не разыходзяцца, хоць супраць іх сілавікі ўжылі вадамёты і газ
Увечары паліцыя ўжо выкарыстала пярцовы газ і вадамёты. Але, нягледзячы на дзеянні сілавікоў, дэманстранты не разыходзяцца. Яны пратэстуюць супраць прыняцця парламентам у першым чытанні скандальнага закона аб замежных агентах.
Старшыня кіроўнай партыі «Грузінская мара» (якая галасавалі за законапраект) Іраклій Кабахідзэ заявіў, што грубага разгону акцыі сёння не будзе, таму што пасаду міністра ўнутраных спраў займае не Георгій Гахарыя. Такім чынам Кабахідзэ намякнуў на жорсткі разгон мірнай дэманстрацыі ў «ноч Гаўрылава» (чэрвень 2019 года), калі з боку праваахоўнікаў былі выкарыстаныя гумовыя кулі, а дзясяткі чалавек пацярпелі.
«Праваахоўныя органы будуць дзейнічаць па прынцыпе прапарцыйнасці, рэйдаў не будзе. Пры неабходнасці будзе ўжытая прапарцыйная сіла, каб не падвяргаць небяспецы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Сёння міністрам унутраных спраў з'яўляецца не Гахарыя, міністр — Гамелауры, які заўсёды быў і будзе на вышыні», — заявіў Кабахідзэ.
Пры гэтым лідар кіроўнай партыі заклікаў дэманстрантаў да спакою.
Саламэ Зурабішвілі рыхтуе зварот да насельніцтва
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Фота 1tv.ge
Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі рыхтуе зварот да насельніцтва з нагоды прыняцця парламентам закона пра замежных агентаў і пратэстаў, выкліканых гэтым рашэннем парламентарыяў.
Заяву пра адмену Саламэ Зурабішвілі запланаваных сустрэч у ААН распаўсюдзіла Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі, піша Першы канал Грузіі.
«Прэзідэнт Грузіі знаходзіцца ў ЗША. Прэзідэнт адмяняе ўсе запланаваныя на сёння сустрэчы ў ААН і рыхтуецца выступіць перад насельніцтвам», — паведамілі ў адміністрацыі прэзідэнта.
Нагадаем, як пісаў НЧ, увечары 7 сакавіка парламент Грузіі прыняў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які ў значнай ступені ідзе ўслед за расійскім заканадаўствам аб «замежных агентах».
Разгляд праекта ўжо сёння, 7 сакавіка, стаў для парламентарыяў і насельніцтва нечаканасцю, спачатку планавалася, што закон вынесуць на галасаванне 9 сакавіка. Абмеркаванне пачалося ў адсутнасць большасці апазіцыйных дэпутатаў.
Амбасада ЗША назвала гэтыя падзеі «чорным днём для грузінскай дэмакратыі».
ЗША не выключаюць магчымасці ўвядзення санкцый у дачыненні да прадстаўнікоў уладаў Грузіі праз сітуацыю вакол закона аб замежных агентах, заявілі ў Дзярждэпе.
У Тбілісі ўспыхнулі шматтысячныя пратэсты, паліцыя ўжыла супраць дэманстрантаў слезацечны газ і вадамёт.
Раней Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі паабяцала, што выкарыстае сваё права і накладзе вета на закон аб «замежных агентах». Пры гэтым кіруючая партыя, як мяркуецца, зможа яго пераадолець.
Зурабішвілі таксама прапанавала забараніць у краіне «Антыканстытуцыйныя партыі». Згодна з артыкулам 78 Канстытуцыі Грузіі, канстытуцыйныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў павінны «прыняць усе меры для забеспячэння поўнай інтэграцыі Грузіі ў Еўрапейскі саюз і арганізацыю Паўночнаатлантычнай дамовы».
Паводле 1tv.ge, www.ekhokavkaza.com, www.eurointegration.com.ua, сацсетак