Скандальны законапраект аб «замежных агентах» у Грузіі часова адкліканы з парламента
Кіроўная партыя «Грузінская мара», грамадскі рух «Сіла народа», які быў ініцыятарам законапраекта, і парламенцкая большасць выпусцілі заяву, у якой гаворыцца пра часовае адкліканне законапраекта і намер ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, каб лепш растлумачыць ім важнасць такога закона.
У адказ на масавыя акцыі пратэсту парламенцкая большасць і кіроўная партыя «Грузінская мара» вырашылі «часова» адклікаць скандальны законапраект.
У заяве адзначаецца, што Грузія «будзе падтрымліваць мір і стабільнасць і працягне годна рухацца ў напрамку Еўропы, што з'яўляецца прынцыповым выбарам грузінскага грамадства».
У сумеснай заяве «Грузінскай мары», «Народнай сілы» і парламенцкай большасці гаворыцца, што імі «былі праведзены кансультацыі» і законапраект адкліканы часова, аднак да яго абмеркавання парламентарыі плануюць вярнуцца зноў, калі «эмацыйны накал спадзе».
«Мы бачым, што прыняты законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве. Машына хлусні змагла прадставіць законапраект у негатыўным святле і ўвесці ў зман частку грамадскасці. Да законапраекта быў прымацаваны ілжывы ярлык «расійскага заканадаўства», а яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена ў вачах часткі грамадскасці як адхіленне ад еўрапейскага курсу… Акрамя таго, радыкальным сілам удалося ўцягнуць частку моладзі ў незаконныя дзеянні. Дзякуй гераічным супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія адрэагавалі на гвалт цярпліва і на самым высокім узроўні.
Мы павінны клапаціцца аб міры, спакоі і эканамічным развіцці ў нашай краіне, а таксама аб прагрэсе Грузіі на шляху еўрапейскай інтэграцыі. Таму неабходна не марнаваць энергію кожнага з нашых суграмадзян на канфрантацыю, а накіроўваць яе на развіццё краіны ў правільным кірунку».
У Грузіі некалькі дзён адбываліся масавыя акцыі пратэсту супраць законапраекта аб «замежных агентах». Пратэстоўцаў два дні запар жорстка разганялі пры дапамозе вадамётаў, слезацечнага газу, гумовых куль. У выніку акцый 7-8 сакавіка паліцыя затрымала каля 160 чалавек. Ім ставяцца ў віну адміністрацыйныя артыкулы аб дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні паліцыі. Аднаму пратэстоўцу пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.