У Грузіі вызвалілі больш за 130 затрыманых падчас пратэстаў. У розных гарадах зноў праходзяць мітынгі

МУС Грузіі паведаміла аб вызваленні ўсіх затрыманых паводле адміністрацыйных артыкулаў падчас акцый апошніх дзён у Тбілісі.

Фота newsgeorgia.ge

Фота newsgeorgia.ge

Адзначаецца, што частка вызваленая ў сувязі са сканчэннем тэрміну знаходжання ў следчым ізалятары. Іншых суд ужо аштрафаваў.

На мітынгах было арыштавана больш за 130 чалавек, большасць з іх у адміністрацыйным парадку, гэта значыць за супраціў міліцыі і дробнае хуліганства.

МУС называе даты затрымання 7 і 8 сакавіка, пакуль незразумела, ці закранула вызваленне і тых, хто быў затрыманы ў ноч на гэты чацвер.

Таксама незразумела, што з тымі, хто быў арыштаваны па артыкулах Крымінальнага кодэкса, такіх некалькі чалавек — пашкоджанне або знішчэнне маёмасці і напад на супрацоўніка паліцыі.

Паведамленне МУС цяпер правяраюць праваабарончыя арганізацыі — справы большай часткі затрыманых вялі іх адвакаты.

Вызваленнем вязняў грузінскія ўлады фактычна выканалі чарговае патрабаванне пратэстоўцаў — менавіта на гэтым яны настойвалі, калі анансавалі чарговыя акцыі 9 сакавіка.

Мітынгі гэтым вечарам праходзяць у цэнтры Тбілісі, Батумі і Кутаісі. Паводле некаторых ацэнак, калі будынка парламента на праспекце Руставелі ў сталіцы Грузіі сёння сабраліся каля 20 тысяч чалавек.

Нагадаем, раніцай 9 сакавіка кіроўная партыя «Грузінская мара» і грамадскі рух «Сіла народа», які быў ініцыятарам законапраекта ад замежных агентах, выпусцілі заяву, у якой гаворыцца пра адкліканне скандальнага законапраекта і намер ладзіць сустрэчы з выбаршчыкамі, каб лепш растлумачыць ім важнасць такога закона.

У заяве адзначаецца, што Грузія «будзе падтрымліваць мір і стабільнасць і працягне годна рухацца ў напрамку Еўропы, што з'яўляецца прынцыповым выбарам грузінскага грамадства».

У сумеснай заяве «Грузінскай мары» і «Народнай сілы» гаворыцца, што імі «былі праведзены кансультацыі» і законапраект адкліканы часова, аднак да яго абмеркавання парламентарыі плануюць вярнуцца зноў, калі «эмацыйны накал спадзе».

«Мы бачым, што прыняты законапраект выклікаў рознагалоссі ў грамадстве. Машына хлусні змагла прадставіць законапраект у негатыўным святле і ўвесці ў зман частку грамадскасці. Да законапраекта быў прымацаваны ілжывы ярлык "расійскага закона", а яго прыняцце ў першым чытанні было прадстаўлена ў вачах часткі грамадскасці як адхіленне ад еўрапейскага курсу… Акрамя таго, радыкальным сілам удалося ўцягнуць частку моладзі ў незаконныя дзеянні. Дзякуй гераічным супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія адрэагавалі на гвалт цярпліва і на самым высокім узроўні.

Мы павінны клапаціцца аб міры, спакоі і эканамічным развіцці ў нашай краіне, а таксама аб прагрэсе Грузіі на шляху еўрапейскай інтэграцыі. Таму неабходна не марнаваць энергію кожнага з нашых суграмадзян на канфрантацыю, а накіроўваць яе на развіццё краіны ў правільным кірунку».

У Грузіі некалькі дзён адбываліся масавыя акцыі пратэсту супраць законапраекта аб «замежных агентах». Пратэстоўцаў два дні запар жорстка разганялі пры дапамозе вадамётаў, слезацечнага газу, гумовых куль. Грамадства вельмі балюча ўспрыняло гэтую заканадаўчую ініцыятыву, бо законапраект фактычна дублюе аналагічны ў Расіі, дзе яго выкарыстоўваюць для палітычнага пераследу апанентаў улады. Пры гэтым абсалютная большасць грузін выступае за еўраінтэграцыю краіны і ўступленне ў НАТА, гэты курс нават асобна прапісаны ў Канстытуцыі Грузіі.