Выведка Літвы: Беларусь схавала інцыдэнты на Астравецкай АЭС
Паводле звестак літоўскай выведкі, беларускія ўлады і расійскі Расатам схавалі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС (БелАЭС) у 2022 годзе і дэфекты сістэм рэактараў. Пра гэта паведамілі ў чацвер літоўскія ўлады, ацэньваючы пагрозы нацыянальнай бяспецы, піша delfi.lt.
«У траўні 2022 года сістэмы кантролю БелАЭС устанавілі, што з'явіліся расколіны ў верхніх швах корпуса рэактара першага блока. Паводле ацэнкі спецыялістаў, якасна ліквідаваць дэфекты можна толькі зняўшы рэактар, аднак у сілу палітычных прычын такі варыянт нават не разглядалі. Тэхнічныя праблемы перашкаджалі запуску другога блока.
Яго павінны былі запусціць у эксплуатацыю ў 2022 годзе, але летась у лютым зафіксавалі хімічнае змяненне складу вады, якая астуджвае рэактар
блока, вада была забруджаная смоламі. Канстатавалі, што механічным спосабам
трэба пачысціць усе трубы контуру і выгрузіць ядзернае паліва. (...) Цалкам
верагодна, што дэфекты тэхнічных дэталяў былі і пасля запуску другога блока.
Расатам зацікаўлены ў пашырэнні свайго ўплыву за
мяжой, у стварэнні залежнасці ад тэхналогій, якія прадстаўляюцца, але прыклад
БелАЭС і выкліканыя ёю пагрозы паказваюць, што Расатам не можа
гарантаваць надзейнасць і бяспеку сваіх тэхналогій», — гаворыцца ў адмысловым дакуменце.
Таксама звяртаецца ўвага на праекты ў сферы ядзернай
энергетыкі, якія Расатам ажыццяўляе за мяжой — АЭС, якія будуюцца
і абслугоўваюцца, пастаўкі прадуктаў урану. Адзначаецца, што большая частка
даходаў карпарацыі паступае менавіта за кошт гэтай дзейнасці.
«Так, Расатам не толькі папаўняе бюджэт
Расіі і ўмацоўвае вайсковую моц краіны, але і спрыяе росту палітычнага ўплыву
РФ. Карпарацыя спрабуе захаваць свае пазіцыі ў сферы атамнай энергетыкі,
запэўнівае, што пастаянна ўдасканальвае і ўкараняе прагрэсіўныя тэхналогіі,
якія гарантуюць высокія стандарты ядзернай бяспекі. Паводле звестак выведкі, тэхналогіі кампаніі сапраўды не без дэфектаў, а кіраўніцтва Расатама схільнае ўлічваць палітычныя інтарэсы расійскай улады.
Сітуацыю ілюструюць інцыдэнты ў праекце Расатама — БелАЭС — інцыдэнты, якія ўяўляюць пагрозу ядзернай бяспецы і тым самым інтарэсам
нацбяспекі Літвы.
У красавіку 2022 года першы блок БелАЭС быў спынены для
правядзення планавага рамонту. Публічна паведамлялася, што пасля прыпынку
рэактара правядуць агляд і рамонт яго абсталявання, асноўных помпаў,
генератараў турбіны, зварачных швоў і іншага. Аб устаноўленых падчас работ дэфектах
БелАЭС публічна не паведамляла», — паведамляецца ў дакуменце.