СМІ: «На БелАЭС адбылося апраменьванне персаналу». Мінэнерга: «Гэта фэйк»

Сёння днём рэдакцыя «Е*рарадыё» апублікавала навіну пра тое, што на Беларускай АЭС у красавіку гэтага года здарылася апраменьванне работнікаў станцыі. Пад вечар чыноўнікі «нарадзілі» адказ.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Паводле крыніц «Е*рарадыё», здарэнне адбылося ў прамежку ад 17 да 29 красавіка, пасля чаго «планава-папераджальны рамонт» на станцыі зацягнуўся ажно на паўгода. Пра тое, што персанал Беларускай атамнай электрастанцыі быў апраменены, паведаміў у афіцыйным лісце дырэктар ТАА «НафтаХімДыягностыка» Раман Філіпавец.


У Міністэрстве энергетыкі пракаментавалі гэтую навіну. Як піша дзяржаўнае агенцтва «БелТА», «інфармацыя, апублікаваная ў некаторых Тэлеграм-каналах, з'яўляецца фэйкавай» — нібыта падчас рэмонтных работ былі захаваныя «міжнародныя нормы і патрабаванні, усталяваныя нагляднымі органамі»:

«На станцыі дзейнічаюць шматузроўневыя сістэмы аўтаматычнай абароны, якія забяспечваюць бяспечную працу персаналу. Прынятыя меры выключаюць магчымасць радыяцыйнага ўздзеяння ў зоне кантраляванага доступу вышэй дапушчальных норм».

Таксама чыноўнікі нагадалі, што самую праўдзівую інфармацыю можна знайсці толькі на іх сайтах.

Нагадаем, Беларускую АЭС, пабудаваную на расійскі крэдыт, увялі ў эксплуатацыю ў лістападзе 2020 года, і ўжо праз два тыдні яна спынілася першы раз. Пасля яе неаднаразова спынялі і запускалі зноў, а апошнія паўгода АЭС стаяла на «планавым рамонце». Суседнія краіны адмовіліся закупляць у Беларусі электраэнергію, а на днях прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін на сумеснай з Лукашэнкам нарадзе заявіў, што Расія працягне спансаваць будаўніцтва і эксплуатацыю БелАЭС «нават сабе ў мінус».