Лукашэнка на нарадзе з Пуціным: «Прынятыя рашэнні не расчаруюць ні беларусаў, ні расіян»

Сёння ў Беларусь прыбыла вялікая дэлегацыя расійскіх чыноўнікаў на чале з Уладзімірам Пуціным. Яны праводзяць перамовы з Лукашэнкам і яго падначаленымі.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У Беларусь прыбыла дэлегацыя расійскіх чыноўнікаў. У яе складзе віцэ-прэм'ер РФ Аляксей Авярчук, памочнік прэзідэнта Расіі Юрый Ушакоў, кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў і міністр абароны Сяргей Шайгу, намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна і прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, міністр энергетыкі Мікалай Шульгінаў, дырэктар Федэральнай службы па ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве Дзмітрый Шугаеў, генеральныя дырэктары «Раскосмасу» і «Расатама» Юрый Барысаў і Аляксей Ліхачоў, а таксама намеснік міністра фінансаў Аляксей Сазонаў.

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адразу пачаліся пашыраным складам у прысутнасці членаў дэлегацый, піша «БелТА». Галоўныя стэндаперы Усходняй Еўропы ўжо паспелі зрабіць шэраг гучных заяў. Напрыклад, пра «лёсавызначальныя рашэнні наконт больш шчыльнай інтэграцыі». Але перш чым загаварыць пра важныя пытанні, Лукашэнка не ўпусціў шанцу ўшчыкнуць свайго заклятага партнёра ў такой доўгай адсутнасці на гасціннай беларускай зямлі — і вядома, «на вы і шэптам»:

«У сілу абставін вы не былі ў нас досыць даўно. У гэтым складзе. А наогул міністр з міністрам часта сустракаюцца. Але вы заўсёды з'яўляецеся для нас жаданымі гасцямі».


Не абышлося і без традыцыйнага плявання ў бок «калектыўнага Захаду», дзе выбаршчыкі «стаміліся абараняць дэмакратыю ваеннай сілай». Блізкасць Пуціна так натхніла Лукашэнку, што ён заявіў прэтэнзіі на ўдзел у светаўладкаванні:

«Расія і Беларусь, як мы з Уладзімірам Уладзіміравічам часта гаворым, адкрытыя для дыялогу з іншымі дзяржавамі, у тым ліку і еўрапейскімі. Спадзяюся, што ў хуткім часе там прыслухаюцца да голасу розуму і мы пяройдзем да канструктыўнага абмеркавання як пытанняў агульнай бяспекі, так і будучага светаўпарадкавання».


Што датычна мэты такога паспешлівага візіту «старэйшага брата», то і тут «прэзідэнцкі народ» паспелі запэўніць у мірных намерах: маўляў, мы выключна інтэграцыю абмяркоўваем.

«Вы ведаеце, што па шэрагу адчувальных тэм урады, як яны заяўляюць, вычарпалі перагаворныя магчымасці. Як яны нам дакладваюць, пазіцыі бакоў сфармуляваныя, і сёння трэба будзе яшчэ раз абмеркаваць іх у шырокім складзе. Урады лічаць, што без нас з вамі, Уладзімір Уладзіміравіч, дасягнуць згоды па асобных пытаннях немагчыма. Вось і прычына нашай сённяшняй нарады».

Гледзячы на тое, які задаволены Лукашэнка стаіць на здымках побач з Пуціным, яму паабяцалі добры падарунак пад ялінку. Як мінімум — яшчэ грошай на АЭС, хай сабе і «на шкоду Расіі», як заявіў камандуючы другой арміі свету.

Фота: belta.by

Фота: belta.by

У цэлым выглядае, што абодва дыктатары бачаць мэты сваёй сустрэчы ў адным рэчышчы. Лукашэнка будзе «здымаць усе праблемныя пытанні напярэдадні Новага года», а Пуцін — «разам шукаць і дамагацца патрэбнага выніку».

Але галоўнае, што «прынятыя сёння рашэнні», якія, канешне, прагучаць за зачыненымі дзвярыма, «не расчаруюць ні беларусаў, ні расіян і будуць спрыяць павышэнню іх дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні». І, хутчэй за ўсё, як і ўсё раней сказанае, гэта трэба чытаць у адваротным кірунку.