ISW: Лукашэнка, верагодна, адмовіўся пасылаць войскі ва Украіну, Пуцін не ўгаварыў

Прамы ўдзел Беларусі ў вайне супраць Украіны малаверагодны. Лукашэнка, хутчэй за ўсё, адмовіў Пуціну ў далейшых інтэграцыйных саступках. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW) па выніках візіта прэзідэнта Расіі ў Мінск.

fbc51b84e11f9dbaf0037d152c3dd9bb.jpg

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны адзначылі, што Лукашэнка і Пуцін устрымаліся ад абмеркавання вайны ва Украіне. Пры гэтым у Мінску заявілі, што нібыта сутыкнуліся з «заходняй пагрозай». У сваю чаргу Пуцін прапанаваў разгледзець магчымасць навучання беларускіх лётчыкаў прымяненню «боепрыпасаў са спецыяльнымі боегалоўкамі».

«Лукашэнка выкарыстоўвае рыторыку абароны беларускіх межаў ад Захаду і NATO, спрабуючы пазбегнуць удзелу ў расійскім уварванні ва Украіну. Ён таксама выкарыстаў падобныя намёкі на магчымае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі 17 лютага ў кантэксце заяўленай агрэсіі Захаду», — гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што Масква прадаставіць комплексы С-400 і комплексы «Іскандэр». Паводле слоў Пуціна, бакі таксама абмяркоўвалі фарміраванне абароннай прасторы. У сувязі з гэтым аналітыкі прыйшлі да высновы, што Лукашэнка не пайшоў на ўцягванне Беларусі ў вайну супраць Украіны, таму што ў гэтым выпадку яму давялося б змяніць рыторыку.

19 снежня Пуцін упершыню з 2019 года прыбыў у Мінск на сустрэчу з Лукашэнкам.

Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны заявілі, што, імаверна, гэта спроба Пуціна стварыць інфармацыйныя ўмовы для новага этапу вайны супраць Украіны. Акрамя таго, не выключалася магчымасць і наступу з боку Беларусі.

У сваю чаргу, сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў мяркуе, што падчас свайго візіту Пуцін ціснуў на Лукашэнку, каб той дазволіў накіраваць беларускія войскі на вайну супраць Украіны, але ў Мінску не хочуць ваяваць.

Беларускія тэлеграм-каналы паведамілі, што Пуцін пакінуў Беларусь у 00:59 20 снежня.