Пуціну не давядзецца ўгаворваць Лукашэнку ваяваць — куды ён дзенецца з крэйсера «Масква»?

Здаецца, беларускія ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб удзельнічаць у вайне. Але яшчэ больш беларускія ўлады не зацікаўлены ў тым, каб Расія прайграла гэтую вайну, — пра гэта разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

_mileks_2021___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__31__logo.jpg

У пятніцу, рыхтуючыся да сённяшняй сустрэчы з Пуціным, сёй-той раптам прыгадаў пра сваю свабоду і незалежнасць. Сказаў, што і пасля сустрэчы застанецца свабодным і незалежным суверэнам. А тыя, якія будуць казаць, што «ўжо ў Беларусі няма ўлады, тут ужо расіяне пешшу ходзяць і кіруюць краінай», тыя ёсць здраднікі беларускага народа.

І пра недапушчальнасць сумневаў у беларускім суверэнітэце пасля сустрэчы з Пуціным сёй-той казаў не для экстрэмістаў і грамадзян, якія да іх далучыліся. Па-першае, экстрэмісты і так ужо даўно здраднікі беларускага народа, пробы на іх няма дзе ставіць. А па-другое, адкуль экстрэмістам і таму народу, які да іх далучыўся, ведаць, пра што саюзнікі паміж сабой дамовяцца?

Так што словы пра тое, хто застанецца ўладай, адрасаваліся сведкам стабільнасці найвышэйшага рангу. Гэта ў іх пасля візіту Пуціна могуць з'явіцца сумневы адносна дзяржаўнай іерархіі з усімі вынікаючымі наступствамі. Вось міністраў з генераламі на ўсялякі выпадак і папярэдзілі, што той, хто сумняваецца, будзе праходзіць па катэгорыі «здраднікаў беларускага народа».


І я, вядома, трошкі сумняваюся, што Пуцін ляціць у Мінск, каб пра нешта там хаўрусніка ўгаворваць. Не таму, што Пуціну не патрэбныя ад саюзніка тысячу дробных паслуг. А таму, што даўно дамовіліся. Адмова ад амністыі палітычных, стварэнне рэгіянальнай групоўкі войскаў, візіты генералаў па гарадах з аповедамі пра тое, адкуль рыхтуецца напад, праверка ваеннаабавязаных, візіт міністра Шайгу, раптоўная праверка боегатоўнасці войскаў, а цяпер — візіт Пуціна. Паасобку кожнай з гэтых падзей можна прыдумаць шмат розных тлумачэнняў. Але калі скласці іх разам, то тлумачэнне атрымліваецца толькі адно. (Ці паўтара, калі прыняць у якасці прамежкавай версію «адцягнуць увагу УСУ стварэннем уяўнай пагрозы». Але генералы УСУ гэтую версію, падобна, ужо не прымаюць).

Ды і не трэба, на самай справе, Пуціну ўгаворваць саюзніка. Хіба што патаргавацца наконт кошту ўдзелу. Таму што ступень міралюбнасці беларускіх уладаў, як мне здаецца, вельмі моцна перабольшаная іншымі назіральнікамі.

Вядома, беларускія ўлады не зацікаўленыя ў тым, каб удзельнічаць у вайне. Усе непрыемныя наступствы гэтага ўдзелу яны ведаюць не горш за нас з табой, а некаторыя можа нават лепш. Таму да гэтага часу і не ўдзельнічалі.

Але яшчэ больш беларускія ўлады не зацікаўлены ў тым, каб Расія прайграла гэтую вайну. Таму што галоўная цікавасць беларускай улады палягае ў тым, каб і далей заставацца беларускай уладай. А калі Расія прайграе вайну, то такое становішча рэчаў гарантаваць будзе няма каму. Калі ўжо нават мы з вамі гэта разумеем, то беларускія ўлады разумеюць тым больш. І нават калі б Захад захацеў даць ім нейкія гарантыі, то людзі, якія жывуць у свеце плана Далеса, гэтым гарантыям усё роўна б не паверылі. Яны і ў лепшыя часы Захаду не верылі.


Так што ўгаворваць саюзніка Пуціну не трэба. Саюзнік можа і не вельмі хоча, але куды ён дзенецца з крэйсера «Масква»? Адзіны шанец для беларускіх уладаў атрымаць нейкія гарантыі — мір, які будзе заключаны на расійскіх умовах. Каб Расія і далей магла гарантаваць іх стабільнасць. І калі дзеля гэтага беларускім уладам давядзецца кім-небудзь рызыкнуць — яны рызыкнуць без ваганняў.

Так ужо за апошнія два гады склалася, што для таго, каб заставацца ў гульні, беларускім уладам трэба ўвесь час павышаць стаўкі. Але сапраўдная вайна, у адрозненне ад вайны з уяўным супернікам у тэлевізары, гэта якраз і ёсць такая апошняя стаўка, пасля якой карты раскрываюцца.