«Нават калі Пуцін прымусіў Лукашэнку да ўступлення ў вайну, то было б глупствам цяпер пра гэта трубіць»

Ці выстаяў беларускі кіраўнік перад націскам крамлёўскага начальніка? Меркаванні аналітыкаў.

1636109360_rossija_belarus.jpg

Лукашэнка адмовіў Пуціна ва ўдзеле ў вайне ва Украіне. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытута вывучэння вайны. Эксперты звярнулі ўвагу, што падчас візіту Пуціна ў Мінск абодва дыктатары ўстрымаліся ад публічнага абмеркавання расійскага ўварвання ва Украіну.

— Лукашэнка выкарыстоўвае рыторыку абароны беларускіх межаў ад Захаду і NATO, спрабуючы пазбегнуць удзелу ў расійскім уварванні ва Украіну. Ён таксама выкарыстаў падобныя намёкі на магчымае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі 17 лютага ў кантэксце заяўленай агрэсіі Захаду, — адзначылі аналітыкі.

Ці сапраўды Лукашэнка выстаяў перад націскам Пуціна ці гэта толькі шырма для наступных дзеянняў? «Салідарнасць» сабрала меркаванні аналітыкаў.

Аляксандр Фрыдман, палітолаг:

— Амерыканскі Institute for thr Study of War мяркуе, што Лукашэнка паспяхова правёў сустрэчу з Пуціным: Расbі не ўдалося дамагчыся згоды на непасрэдны ўдзел Беларусі ў вайне, а маскоўская атака з мэтай прымусіць Мінск да далейшых інтэграцыйных саступак была адбітая.

Лукашэнка будзе выключна прыемна азнаёміцца з высновамі ISW, а далейшыя падзеі пакажуць, ці маюць рацыю аналітыкі ў сваіх ацэнках.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык праекта «Пазірк»:

— Самае ж вострае пытанне — ці уступіць беларуская армія ў вайну — чакана засталося вісець у паветры.

Яшчэ раз падкрэслім: магчыма, пакуль Пуцін прымае пад увагу контраргументы Лукашэнкі: маўляў, не трэба будзіць ліха, дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі (армія не матываваная, насельніцтва катэгарычна супраць яе ўдзелу ў вайне). Мы вас лепш прыкрыем ад натаўскіх супастатаў, дамо танкаў, боепрыпасаў і іншага дабра.

Але нават калі Пуцін дэ-факта прымусіў Лукашэнку да прамога ўступлення ў вайну, то было б глупствам цяпер пра гэта трубіць.

Па-першае, як кажуць ваенныя эксперты, на беларускай тэрыторыі пакуль занадта мала сіл для новага наступу на Украіну. Каб сабраць ўдарны кулак, трэба яшчэ два-тры месяцы. Навошта загадзя адкрываць карты? Лепш і надалей трымаць Кіеў і Захад у недасведчанасці і напрузе. Прычым нават калі будзе ісці відавочнае назапашванне расійскіх войскаў у Беларусі, удзел яе войска ў меркаваным новым наступе з поўначы будзе заставацца пад пытаннем да апошняга моманту.

Па-другое, Лукашэнка і палітычна, і псіхалагічна нявыгадна апрыёры заяўляць аб прынцыповым рашэнні стаць суагрэсарам па поўнай праграме. Гэта адразу выклікала б фурор і супрацьдзеянне — і ў Кіеве, і ў заходніх сталіцах, і ўнутры Беларусі, і ў апазіцыйных штабах.

Куды больш выгадна, калі ўжо няма куды будзе дзявацца, выкарыстоўваць нейкую неспадзяванку казус бэлі (справакаваць ці ўвогуле выдумаць яго — справа тэхнікі ў патрэбны момант). Маўляў, мы не хацелі, але нас вымусілі, зараз пакажам карты, адкуль на Беларусь зноў рыхтаваўся напад.

Увогуле, адказ на гэтае павіслае ў паветры пытанне мы даведаемся толькі па факце. А пакуль факт у тым, што заклятыя саюзнікі працягваюць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Прычым гульні бесперспектыўнай ў гістарычным плане — два жорсткія, тэхналагічна адсталыя рэжымы супраць усяго перадавога дэмакратычнага свету. Але наламаць дроў у гэтай авантуры яны могуць яшчэ нямала.

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік:

— Часам не трэба будаваць ніякіх канспіралагічных тэорый, трэба проста ўважліва слухаць, што яны кажуць.

Пуцін: «У Расіі няма зацікаўленасці кагосьці паглынаць. Проста няма мэтазгоднасці ў гэтым».

Лукашэнка: «Мы не ў стане самі забяспечыць і абараніць сваю незалежнасць. Навошта нас паглынаць? Мы ва ўсім ідзем насустрач Расіі, па любых пытаннях».

Ну вось сапраўды ўсё даволі ясная, лагічна і празрыста.

Станіслаў Бялкоўскі, палітолаг:

— Основный сэнс заявы Пуціна па выніках цяперашніх перамоваў у Мінску: калі РФ будзе наносіць тактычны ядзерны ўдар, то з тэрыторыі і сіламі РБ, каб РБ нікуды ў вырашальны момант не адкруцілася.

Галоўны сэнс заявы Лукашэнкі па выніках тых жа перамоваў: ёсць тэрмін «суагрэсія», гэта практычна тое ж, што «сузалежнасць».