Што рабіць падчас аварыі на АЭС? У Беларусі зацвердзілі інструкцыю

Беларускія ўлады зацвердзілі інструкцыю па ёднай прафілактыцы на выпадак аварыі на БелАЭС і атамных станцыях суседніх краін, піша «Позірк».

Фота Славаміра Адамовіча

Фота Славаміра Адамовіча

Нягледзячы на тое, што дакумент прынялі яшчэ ў сярэдзіне восені, на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале яго апублікавалі толькі сёння, 3 снежня. Інструкцыю сумесна падрыхтавалі Міністэрства аховы здароўя і МНС.

Асноўны прэпарат для прафілактыкі — таблеткі калія ёдыду, рэзервовы — спіртовая настойка ёду (5%).

Аб'ектамі, на якіх магчыма ўзнікненне радыяцыйнай аварыі, у інструкцыі названыя Беларуская АЭС, а таксама Смаленская АЭС (Расія) і Ровенская АЭС (Украіна), закрытыя Ігналінская (Літва) і Чарнобыльская (Украіна) станцыі.

Дакумент вызначае, што для асоб, «якія могуць знаходзіцца ў выпадку аварыі на пляцоўцы Беларускай АЭС», павінен быць створаны запас прэпаратаў стабільнага ёду. Аварыйныя камплекты трэба выдаць насельніцтву да 15 кіламетраў ад станцыі і да 30 кіламетраў ад станцый суседніх краін.

Ігналінская АЭС размешчаная прыкладна ў 3 км ад мяжы з Беларуссю, Чарнобыльская — у 8 км, Ровенская — 65 км, Смаленская — 120 км.