Турцыя прыпыніла транзіт санкцыйных тавараў у Расію
Расійскія лагістычныя кампаніі заявілі, што Турцыя заблакавала транзіт санкцыйных тавараў, якія пастаўляцца ў РФ. Гэта адбылося пасля візіту ў Анкару дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Мытная сістэма Турцыі блакуе афармленне транзіту ў Расію
грузаў з таварамі, якія трапілі пад санкцыі, заявілі радыёстанцыі «Коммерсант
FM» удзельнікі расійскага лагістычнага рынку. Паводле іх слоў, праблемы паўсталі з
транзітам санкцыйных тавараў, якія дастаўляюць у Расію паводле схемы
паралельнага імпарту.
«Яшчэ ўчора мы пачалі атрымліваць апавяшчэнні ад
агентаў аб тым, што адмяняюцца раней узгодненыя букінгі вылетаў. Сказалі, што
прычына ў тым, што транзітныя для Турцыі грузы больш не адпраўляюць у Расію», —
распавёў гендырэктар кампаніі «Оптималог» Георгій Уластопула.
Камерцыйны дырэктар Transasia Logistics Валерыя Савянкова
адзначыла, што ўдзельнікі рынку не чакаюць ад уладаў Турцыі афіцыйных загадаў
або пастаноў па гэтым пытанні, паколькі такім чынам турэцкі бок прызнаў бы, што
мае дачыненне да паставак санкцыйнай прадукцыі ў Расію.
«Агенцтва» піша, што Турцыя закрыла транзіт грузаў у
Расію з Еўрасаюзу. У каментары выданню Савянкова распавяла, што тэхнічная
магчымасць аформіць транзіт у РФ зачынілася 8 і 9 сакавіка. Паводле яе слоў, па
стане на чацвер забарона закранула прыкладна 10 тысяч найменняў тавараў, якія
трапілі пад санкцыі ЕС, уведзеныя за апошні год.
«Мы чакаем удакладненняў, ці тычыцца сітуацыя толькі
санкцыйных тавараў, якія ўвайшлі ў 10 пакетаў санкцый Еўрасаюзу, або гаворка
ідзе наогул аб усіх групах тавараў, якія ідуць на Расію», — дадала прадстаўніца
Transasia Logistics.
У сваім тэлеграм-канале кампанія «Оптималог» сцвярджае, што забарона распаўсюджваецца на авія- і аўтаперавозкі транзітных
грузаў па-за залежнасці ад кода. Пры гэтым абмежаванне не закранае імпарт з
Турцыі грузаў турэцкага паходжання.
«Цяпер пад ударам могуць апынуцца грузы на агульны кошт
больш за тры мільярды даляраў у гадавым вылічэнні — гэта якраз рост турэцкага
імпарту ў 2022 годзе, абумоўлены, перш за ўсё, транзітнымі пастаўкамі», —
гаворыцца ў паведамленні кампаніі.
Суразмоўцы «Коммерсант FM» звязалі прыпыненне транзіту санкцыйных грузаў з візітам у Турцыю дзяржсакратара ЗША Энтані
Блінкена ў лютым. Раней Вашынгтон неаднаразова папярэджваў Анкару аб
наступствах за дапамогу Расіі і Беларусі ў абыходзе заходніх санкцый, уведзеных
супраць гэтых краін пасля расійскага ўварвання ва Украіну.
Турцыя да гэтых абмежаванняў не далучылася. Паводле дадзеных СМІ
і аналітыкаў, Расія працягвае закупляць электроніку, запчасткі і іншыя тавары,
неабходныя для Узброеных Сіл, у абыход санкцый у тым ліку праз турэцкія
кампаніі.
Са студзеня па верасень 2022 года тавараабарот Расіі і
Турцыі павялічыўся ў два разы і дасягнуў 45 мільярдаў долараў, казаў кіраўнік
МЗС РФ Сяргей Лаўроў. Пасля перамоваў з Блінкенам міністр замежных спраў Турцыі
Меўлют Чавушоглу тлумачыў рост гандлёвага абароту з РФ ростам коштаў на
расійскі прыродны газ.
Паводле «Медузы».