МЗС Польшчы: Мы можам цалкам закрыць Беларусі акно ў свет

Намеснік Міністэрства замежных спраў Польшчы Мацей Вонсік распавёў у інтэрв'ю «Polsat» пра тое, ці можа Варшава цалкам закрыць мяжу з Беларуссю.

Мацей Вонсік. Фота: «Polsat»

Мацей Вонсік. Фота: «Polsat»

— Мы павінны процідзейнічаць учынкам Аляксандра Лукашэнкі на польска-беларускай мяжы, а таксама ягоным дзеянням у дачыненні да беларускай апазіцыі і польскай меншасці, — падкрэсліў Мацей Вонсік.

Ён не выключыў, што найбліжэйшым часам Польшча закрые ўсе памежныя пераходы з Беларуссю.

Чыноўнік нагадаў, што польскі журналіст Андрэй Пачобут быў асуджаны судом у Гродне да васьмі гадоў строгага рэжыму.

— На некаторых могілках з магіламі воінаў Арміі Краёвай з'явіліся бульдозеры. Мы не можам дазволіць, каб за ўсходняй мяжой спеў рэжым, які рэалізуе планы Пуціна, — адзначыў намеснік міністра.

Паводле слоў Вонсіка, урад у Варшаве «дзейнічае досыць жорстка ў дачыненні да Беларусі» і без ваганняў прыменіць іншыя інструменты ціску.

— У нас ёсць спіс з некалькіх сотняў чалавек, якія павінны быць уключаны ў санкцыйны пакет. Гэтыя людзі падтрымлівалі сістэму «правасуддзя» — суды, што вынеслі прысуды, аналагічныя прысудам супраць Андрэя Пачобута, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, калі сітуацыя ў Беларусі абвострыцца, не выключана, што Польшча «закрые акно Беларусі» ў свет.

«Для нас гэта маленькая фортачка, а Польшча для Беларусі — акно ў свет», — параўнаў Вонсік.

Намеснік міністра заявіў, што памежныя пераходы з Польшчай важныя для беларускай эканомікі, узроўню жыцця і падтрымкі Лукашэнкі.

«Мы не будзем вагацца. У выпадку неабходнасці мы таксама заступімся за польскую меншасць», — запэўніў ён.

Намеснік міністра ўдакладніў, што цяпер польскі ўрад «чакае кроку Мінска».

«Падобна на тое, што мы можам пайсці і іншым шляхам, калі Мінск дакажа, што яму не ўсё роўна», — падсумаваў Мацей Вонсік.

Фота: «Reuters»

Фота: «Reuters»

Нагадаем, Польшча з 10 лютага прыпыніла працу пункта пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю ў адказ на вынясенне суровага палітычнага прысуду журналісту, прадстаўніку польскай меншасці ў Беларусі Андрэю Пачобуту (у дадатак мытнікі з пункта «Баброўнікі» былі затрыманы па абвінавачанні ў садзейнічанні кантрабандзе).

Пасля гэтага ў МЗС Польшчы паведамлялі, што разглядаюць і поўнае закрыццё мяжы, у той жа час іншыя польскія ведамствы абяцалі перавозчыкам, што грузавы пункт «Кукурыкі — Казловічы» спыняць працу не будзе.

16 лютага Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі назваў закрыццё пунктаў пропуску «эканамічнай правакацыяй» і прыгразіў мерамі ў адказ. 17 лютага МЗС заявіла пра высылку часткі польскіх дыпламатаў (у Польшчы пазней пацвердзілі, што Беларусь пакінуць тры дыпламатычныя супрацоўнікі). У той жа дзень урад Беларусі ўвёў абмежаванні на ўезд грузавікоў польскіх перавозчыкаў: ім цяпер можна заязджаць на тэрыторыю нашай краіны толькі праз беларуска-польскі ўчастак мяжы. Пасля гэтага ў Польшчы прыгразілі прыняць аналагічныя меры ў дачыненні да беларускіх перавозчыкаў.

20 лютага Польшча ўвяла абмежаванне на апошнім грузавым аўтадарожным пункце пропуску «Кукурыкі — Казловічы»: спыніла пропуск і афармленне грузавікоў, зарэгістраваных у Беларусі (і іншых краінах, акрамя дзяржаў Еўропы). Абмежаванне будзе дзейнічаць, пакуль Беларусь не здыме сваіх новых абмежаванняў для польскіх перавозчыкаў.