Святлана Ціханоўская: Лукашэнка — спонсар тэрарызму, і Захад павінен цалкам усвядоміць гэта
Напярэдадні візіту Святланы Ціханоўскай у Вялікабрытанію беларуская лідарка напісала калонку для «The Guardian», у якой заклікала Захад адмовіцца ад ілюзій наконт Лукашэнкі і ўзмацніць ціск на яго. Артыкул выйшаў пад назвай «Калі вы хочаце перамагчы Пуціна ва Украіне, нацэльцеся на яго маленькага зласлівага памочніка ў Беларусі».
Пачынаецца артыкул Святланы Ціханоўскай расповедам пра атаку на расійскі самалёт-выведнік А-50 у Мачулішчах.
«Беларускі народ, які адчувае агіду да падтрымкі сваім урадам незаконнага ўварвання Крамля ва Украіну, нанёс сімвалічны ўдар проста ў сэрца расійскага войска. Нашы антываенныя партызаны запусцілі два беспілотнікі над былой савецкай авіябазай і скінулі бомбы на самалёт назірання A-50U, расійскі самалёт-выведнік коштам 275 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, які выкарыстоўваецца для дакладнага вызначэння мэт унутры Украіны… На няшчасце беларускага КДБ, гераічным байцам супраціву, якія высмейвалі расійскую вайсковую моц, удалося абмінуць кантрольна-прапускныя пункты. Цяпер яны ў бяспецы за межамі краіны», — піша Ціханоўская.
«Несумненна, Аляксандру Лукашэнку, тыранічнаму дыктатару Беларусі і адзінаму саюзніку Крамля, давядзецца весці непрыемную дыскусію, калі ён у наступны раз адкажа на тэлефонны званок Уладзіміра Пуціна. Лукашэнка будзе асабліва нервавацца, паколькі ён абавязаны сваім становішчам расійскаму прэзідэнту. Я перамагла яго на ўсеагульных выбарах 2020 года, перш чым ён скраў іх з дапамогай тайнай паліцыі і Пуціна. Расійскі прэзідэнт накіраваў прапагандыстаў, фінансавую падтрымку і, у канчатковым выніку, войскі ў спробе падтрымаць свайго старога савецкага саюзніка, а затым прымусіў яго заплаціць свае даўгі, заручыўшыся падтрымкай катастрафічнага ўварвання ва Украіну праз 18 месяцаў», — адзначае яна.
Святлана Ціханоўская адзначае, што пераважная большасць беларускага народа ў жаху ад таго, што адбываецца ва Украіне, а атака на расійскі самалёт-выведнік — не першы прыклад супраціву. Яна нагадвае пра дзеянні кіберпатрызанаў, актывістаў супраціву, якія знішчалі транспартнае абсталяванне ў спробе абмежаваць дастаўку расійскай зброі ва Украіну, і пра сотні беларусаў, якія запісаліся ў войска для барацьбы з расійскім агрэсарам непасрэдна ва Украіне.
Па яе словах, Вялікабрытанія лідзіравала «ва ўвядзенні санкцый супраць тырана і яго паслугачоў, але гэта магло б пайсці далей». «Нам трэба больш грашовых і другасных санкцый, накіраваных на дзяржаўную эканоміку, якая падсілкоўвае кіраванне КДБ Лукашэнкі і вайсковую машыну Пуціна», — зазначае яна.
«Карым Хан цяпер валодае велізарным уплывам у якасці галоўнага абвінаваўцы Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе. Ён правільна вызначыў агідныя ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі ўзброенымі сіламі ва Украіне, уключаючы напады на грамадзянскіх асоб і аб'екты крытычнай інфраструктуры. Але Хану трэба зазірнуць у суседнюю Беларусь. Лукашэнка таксама з'яўляецца дзяржаўным спонсарам тэрарызму», — піша беларуская лідарка.
Па яе словах, Вялікабрытанія і Захад павінны цалкам усвядоміць гэты момант.
Захаду трэба перастаць паддавацца на ягоную хлусню і зразумець, што Лукашэнка свядома жадае, каб Беларусь была васальнай дзяржавай Расіі. Большасць беларусаў з'яўляюцца тыповымі еўрапейцамі і хочуць мірна жыць ва ўмовах дэмакратыі. Яны хочуць, каб расійскія войскі былі неадкладна выведзены з Украіны і з Беларусі. Яны прызнаюць, што Лукашэнка з'яўляецца ваенным злачынцам, і спадзяюцца, што ў канчатковым выніку ён паўстане перад судом Міжнароднага крымінальнага суда», — спадзяецца Святлана Ціханоўская.
«Вялікабрытанія і Захад павінны аказаць сваю шчырую падтрымку гэтым ключавым стратэгічным мэтам. Я не кажу, што гэта будзе проста. Тыранія падобная раку, з ёй нялёгка змагацца…
Беларусы разумеюць гэта, і менавіта таму народ працягвае ісці на надзвычайную рызыку, каб паказаць Захаду, што за іх варта змагацца. У гадавіну ўкраінскага ўварвання ў мінулым месяцы актывістам у Мінску ўдалося пазбегнуць КДБ і ненадоўга падняць велізарны ўкраінскі сцяг на даху вышыннага будынка ў Мінску. У паведамленні, якое суправаджала кранальную выяву, калі яна транслявалася на Telegram-каналах супраціву, гаварылася: "Беларусы паднялі сцяг Украіны ў Мінску, каб адзначыць сваю салідарнасць з украінскім народам. Жыве Беларусь! Слава Украіне!" Ясней і быць не магло», — заключае Святлана Ціханоўская.
Пераклад «НЧ»