Ціханоўская: Дэмакратычная Беларусь будзе найлепшым пакараннем для Пуціна

Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у адкрыцці Місіі «За дэмакратычную Беларусь» і заявіла, што ўпершыню за 28 гадоў у беларусаў будзе сваё месца ў Бруселі. Таму што дэмакратычная Беларусь будзе найлепшай дапамогай для Украіны і найлепшым пакараннем для Пуціна.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Учора, 1 сакавіка, адбылося адкрыццё Місіі «За дэмакратычную Беларусь», удзел у ім прынялі прэзідэнт Фландрыі, міністр замежных спраў Бельгіі, еўрапейскія парламентарыі, а таксама беларусы Бельгіі. Узначальваць Місію будзе Уладзімір Астапенка, паведамляецца ў сацсетках Святланы Ціханоўскай.

Ціханоўская зазначыла, што гэтая Місія дапаможа вярнуць Беларусь у Еўропу і наблізіць Еўропу да Беларусі: «Упэўнена, што гэта Місія стане месцам для кожнага беларуса, які бачыць нашу краіну дэмакратычнай і незалежнай. Яе дзверы будуць адчынены для любой незалежнай ініцыятывы ці арганізацыі, якая працуе для перамен».

Падчас адкрыцця ў будынку Місіі ладзілася выстава беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай. Ціханоўская распавяла, што праца мастачкі, дзе намаляваны яе муж, натхняе і надае ёй сіл. І заклікала ўсіх беларусаў натхняцца адно адным і працягваць дзейнічаць для вызвалення кожнага, а еўрапейцаў — падтрымаць наш рух да дэмакратыі і справядлівасці.

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Фота прэс-службы Святланы Ціханоўскай

Што яшчэ сказала Святлана Ціханоўская падчас адкрыцця Місіі?

  • «Тут, за некалькі кіламетраў ад еўрапейскіх інстытутаў, Беларусь атрымала новы дом. Місія «За дэмакратычную Беларусь» будзе працаваць над набліжэннем Беларусі да Еўропы. Але таксама гэта зробіць Еўропу бліжэйшай да Беларусі».
  • «Я не магу не падзякаваць фламандскаму ўраду і яго міністру-прэзідэнту Яну Жамбону за прадастаўленне нам такіх прыгожых памяшканняў у цэнтры Бруселя. Беларусы ніколі не забудуць вашага велікадушнага жэста. Я хачу скарыстацца выпадкам і падзякаваць ураду Бельгіі за тое, што яны прымаюць нас тут і падтрымліваюць ідэю адкрыцця такой Місіі. Я ведаю, што гэта нетрадыцыйны крок. Але мы жывём у незвычайны час, які патрабуе нетрадыцыйных рашэнняў».
  • «Дазвольце падзякаваць і беларусам Бельгіі. За вашу дапамогу і падтрымку, каб зрабіць гэтую падзею яркай і гасціннай, за вашу прыхільнасць да Беларусі. Я маю гонар быць сярод вас».
  • «Мы павінны зрабіць так, каб Беларусь заставалася ў еўрапейскім парадку дня. Я ўпэўнена, што «Mission for democratic Belarus» стане гасцінным месцам для кожнага беларуса, які бачыць Беларусь дэмакратычнай і незалежнай. Яна будзе трымаць свае дзверы адчыненымі для любой незалежнай ініцыятывы або арганізацыі, якія працуюць на перамены ў нашай краіне. Гэта будзе месца, дзе мы будзем разважаць пра будучыню і дзе мы будзем будаваць новыя сяброўскія адносіны і саюзы».


  • «Місію ўзначальвае наш найлепшы дыпламат — амбасадар Уладзімір Астапенка, які нястомна працаваў над першымі крокамі да пачатку Місіі. Вельмі сімвалічна, што амаль 30 гадоў таму амбасадар Астапенка адкрыў тут, у Бруселі, першую амбасаду Беларусі. З вяртаннем, Уладзімір!»
  • «Увайшоўшы ў гэты будынак, вы маглі пабачыць выставу беларускай мастачкі Вольгі Якубоўскай «Каты свабоды». Мой любімы кот з гэтай серыі — гэта, вядома ж, мой муж Сяргей. Мы змагаемся за яго вызваленне і вызваленне кожнага палітвязня. Але сёння мяне таксама вельмі кранулі здымкі за маёй спінай, дзе мастак апавядае гісторыю пратэсту ў Беларусі ў зразумелай нават дзіцяці форме».
  • «Мы не спынімся, пакуль у Беларусь не вернецца дэмакратыя, а сама Беларусь не вернецца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, да якой яна заўсёды належала. Дэмакратычная Беларусь будзе найлепшай дапамогай для Украіны, найлепшым пакараннем для Пуціна. Яна будзе донарам бяспекі ў рэгіёне і добрым партнёрам для Еўропы. Я заклікаю ўсіх далучыцца да нашай барацьбы за дэмакратыю, справядлівасць, мір і еўрапейскія каштоўнасці. Гэта нялёгкі бой, але правільны».

Нагадаем, як пісаў «НЧ», у кастрычніку мінулага года ўрад Фландрыі перадаў Святлане Ціханоўскай будынак у Бруселі дзеля працы Місіі Аб’яднанага пераходнага кабінета. Ціханоўская падпісала неабходныя паперы і бясплатна атрымала ключы ад памяшкання.

Паводле сацсетак і прэс-службы Святланы Ціханоўскай і «Св*боды»