Былога амбасадара Уладзіміра Астапенку завочна асудзілі і на год вызвалілі ад пакарання

У судзе Савецкага раёна Мінска завочна асудзілі да пяці гадоў калоніі і штрафу ў памеры 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў) былога амбасадара Беларусі ў Аргенціне Уладзіміра Астапенку.

astapenka_1.jpg


У парадку спецыяльнай вытворчасці яго прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (намер на завалоданне маёмасцю ў буйным памеры службовай асобай).
Таксама яго завочна пазбавілі права ў Беларусі займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на тэрмін пяць гадоў. Пры гэтым яго вызвалілі ад пакарання на адзін год паводле Закона ад 7 снежня 2022 года "Аб амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства". Пад арыштам засталася маёмасць Астапенкі — зямельны надзел і садовы дом — у кошт штрафу.
Нагадаем, Уладзімір Астапенка быў амбасадарам у Лацінскай Амерыцы: Аргенціне, Уругваі, Парагваі, Перу і на Кубе.
Да 2020 года працаваў паслом Беларусі ў Аргенціне. Ён падаў у адстаўку ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, 23 верасня 2020 года. А 27 кастрычніка накіраваў ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, а таксама Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, дзе заявіў пра шматлікія парушэнні асноўных правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі краіны і яе міжнародна-прававых абавязацельствах, відавочныя і грубыя фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Прасіў вызваліць яго ад пасады ў сувязі з парушэннямі наймальнікам заканадаўства, якое перашкаджае выкананню працы па працоўным дагаворы.
У хуткім часе Лукашэнка падпісаў указ аб звальненні Астапенкі і пазбаўленні яго дыпламатычнага рангу "ў сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дыпламатычнай службе". Астапенка быў не згодны з такой фармулёўкай прычыны свайго звальнення і спрабаваў праз суд яе змяніць, аднак безвынікова.

У свой апошні дзень працы ў якасці пасла Уладзімір Астапенка запісаў відэазварот, у якім выказаў надзею, што над усімі амбасадамі Беларусі ўздымецца бел-чырвона-белы сцяг, а таксама апрануў бел-чырвона-белую футболку аргенцінскага футбольнага клуба «Рывер Плэйт».

Затым ён далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай і цяпер працуе ў Аб'яднаным пераходным кабінеце.
У дачыненні да экс-амбасадара 21 снежня 2022 года была распачатая спецвытворчасць.
Паводле Генпракуратуры, Астапенка да кастрычніка 2020 года "з'яўляўся службовай асобай, якая займае адказнае становішча". Па рашэнні МЗС Беларусі місія Астапенкі была завершана з узгадненнем даты вылету яго і членаў сям'і ў Мінск 30 кастрычніка 2020 года. Пасольства Беларусі ў Аргенціне аплаціла яму і членам яго сям'і — жонцы і сыну, кошт авіябілетаў па маршруце Буэнас-Айрэс — Парыж — Мінск.
"Разам з тым абвінавачаны, жадаючы трапіць у Варшаву і пазбегнуць пры гэтым уласных матэрыяльных выдаткаў, з 23 да 26 кастрычніка 2020 года звярнуўся да тураператара і забраніраваў авіябілеты з Парыжа ў Варшаву замест Мінска", — заявілі ў Генпракуратуры.
Там таксама адзначылі, што аб змене маршруту супрацоўнікам дыпмісіі ён не паведаміў, "з прычыны чаго неабгрунтавана выкарыстаў транспарт амбасады для праезду да аэрапорта".
Яму налічылі шкоду звыш 6 900 тысяч рублёў.
Гэты не першы завочны прысуд у межах «спецвытворчасці», вынесены ў Беларусі. У снежні 2022 завочна асуджаны на 12 гадоў калоніі спартоўцы Аляксандра Герасіменя і Аляксандр Апейкін. На такі ж тэрмін у студзені былі асуджаны фігуранты справы «Чорнай кнігі Беларусі»: сузаснавальнік парталаў Tribuna.com і Sports.ru Дзмітрый Навоша, а таксама Яніна Сазановіч, Данііл Багдановіч, Валерый Занямонскі і Вольга Высоцкая.