«Аб’ект з нюансамі». Улады выставілі на аўкцыён кватэру Сяргея Ціханоўскага
На аўкцыёне па продажы маёмасці «БелЮрзабеспячэння» выстаўлена трохпакаёвая кватэра на праспекце Незалежнасці 137/2. З выгляду тыповая «тройка» агульнай плошчай 66 квадратных метраў, мяркуючы па ўсім, прадаецца за даўгі. Вось толькі ў якасці даўжніка там значыцца «Ціханоўскі Сяргей Леанідавіч».
Адзначаецца, што ў кошт лота ўваходзіць «убудаваная секцыйная мэбля для кухні з варачнай панэллю «Gorenje», ракавінай і змяшальнікам, з сістэмай ачысткі вады, убудаванай шафай-купэ са МДФ, вітрынай са шкла і 2-ма люстэркамі».
Пачатковы кошт лота — 214 860 беларускіх рублёў.
Зрэшты, як можна меркаваць па апісанні, жыллё на продаж мае і некаторыя «абцяжаранні». У прыватнасці, «абмежаванні ў распараджэнні нерухомай маёмасцю», якія, як абяцаюць прадаўцы, «будуць зняты аддзелам прымусовага выканання па выніках продажу лота».
А яшчэ ў кватэры маюцца «зарэгістраваныя асобы, у тым ліку непаўнагадовыя».
Аўкцыён павінен пачацца 6 сакавіка.
Нагадаем, палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага асудзілі 14 снежня 2021 да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пастанавілі спагнаць з яго, а таксама яшчэ з пяцярых абвінавачаных па справе кампенсацыю шкоды ў памеры каля аднаго мільёна долараў. «Палітычна матываваны прысуд» асудзілі ў ЗША і ЕС.
КДБ унёс Сяргея ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». У той дзень у яго дадалі 23 чалавекі, у тым ліку Сяргея Ціханоўскага і Ігара Лосіка.
Сяргей Ціханоўскі — блогер, аўтар і вядучы YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцця», апазіцыйны палітык, прадпрымальнік, палітычны зняволены. Лаўрэат прэміі імя Сахарава. Муж Святланы Ціханоўскай. У сакавіку 2019 года блогер стварыў YouTube-канал пад назвай «Краіна для жыцця», дзе распавядаў пра сацыяльныя праблемы.
На выбарах 2020 года ён вылучаўся ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла Сяргею ў рэгістрацыі, і яго жонка, Святлана Ціханоўская, незадоўга да закрыцця прыёму заявак падала свае дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты.
У выніку яна стала дэмакратычнай лідаркай Беларусі, некаторыя лічаць яе абранай прэзідэнткай краіны.