Святлана Ціханоўская пра трэці дзень народзін мужа за кратамі: «Я раблю ўсё, што магу, каб вярнуць нам дом»
Сёння за кратамі Сяргей Ціханоўскі адзначае трэці запар дзень народзін.

Святлана Ціханоўская павіншавала мужа і паказала малюнкі, якія дзеці падрыхтавалі для Сяргея.
Святлана Ціханоўская звярнулася да мужа, якога трымаюць за кратамі:
"Дарагі Сяргей. Гэта трэці твой дзень нараджэння, калі мы не можам павіншаваць і абняць цябе асабіста. Але як бы хто ні стараўся, ім не забраць у цябе нас — тваю сям'ю, не азабраць любоў Агніі і Карнея — ты ж бачыш іх малюнкі і лісты.
Не забраць у цябе і падтрымку людзей, якія штодня ўжо больш за 800 дзён пішуць і пытаюцца, як ты. Беларусы ведаюць, што ты — герой, наш герой. І што мы павінны працягваць справу, пачатую табой.
І два гады таму, і цяпер я раблю ўсё, што магу — у першую чаргу, каб вярнуць нам дом. А мой дом, Сяргей, — гэта ты".
Павіншаваць Сяргея Ціханоўскага можна лістом або паштоўкай па адрасе: ВК № 15. 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183.

Нагадаем, Сяргей Ціханоўскі — блогер, аўтар і вядучы YouTube- і Telegram-каналаў «Краіна для жыцця», апазіцыйны палітык, прадпрымальнік, палітычны зняволены. Лаўрэат прэміі імя Сахарава. Муж Святланы Ціханоўскай.
У сакавіку 2019 года Ціханоўскі стварыў YouTube-канал пад назвай «Краіна для жыцця», які распавядае пра сацыяльныя праблемы. За час яго блогерскай дзейнасці яго не раз затрымлівалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Шырокую вядомасць атрымаў дзякуючы вылучэнні ў кандыдаты на пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла Сяргею ў рэгістрацыі, і яго жонка, Святлана Ціханоўская, незадоўга да закрыцця прыёму заявак, падала свае дакументы на рэгістрацыю ў кандыдаты. Пасля таго, як Ціханоўскага адпусцілі са следчага ізалятара, ён узначаліў ініцыятыўную групу сваёй жонкі.

29 траўня 2020 года ў Гродне супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымалі Ціханоўскага на перадвыбарчым пікеце.
14 снежня 2021 года Сяргей быў прысуджаны да 18 гадоў турмы. Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення, а беларускія праваабарончыя арганізацыі абвясцілі Ціханоўскага палітычным зняволеным і запатрабавалі яго неадкладнага вызвалення.
