Арыштаваную маёмасць сям'і Лосікаў выставяць на продаж

Жонцы палітвязня Ігара Лосіка Дар'і судовая выканаўца паведаміла, што арыштаваную маёмасць сям'і «выставяць на рэалізацыю».

Дар'я Лосік. Фота: facebook.com

Дар'я Лосік. Фота: facebook.com


Маёмасць палітзняволенага Ігара Лосіка і яго жонкі Дар'і была арыштаваная ў канцы ліпеня. Сярод таго, што падпала пад канфіскацыю, былі нават чайнік і піяніна. Паведамлялася, што Дар'я Лосік зможа выкупіць арыштаванае сама, але для гэтага Ігар мусіць атрымаць дазвол ад органаў прымусовага выканання.
«Вядома ж, Ігар адправіў туды ліст, як толькі атрымаў ад мяне яго ўзор. Але! Сёння мне патэлефанавала судовая выканаўца, якая працуе па нашай маёмасці, і паведаміла, што ўся арыштаваная маёмасць павінна быць выстаўлена на рэалізацыю. Адпаведна, УПВ Брэста нават не знайшло часу выслаць Ігару адказ на яго заяву альбо УПВ Брэста проста не правярае сваю пошту. Ну, нічога страшнага. Заўтра мы асабіста ўбачымся з гэтымі людзьмі з прыгожага горада Брэста», напісала Дар'я ў сваім фэйсбуку.
«Ката не канфіскуюць», — пажартавала яна.
Ігар Лосік быў асуджаны па «справе Ціханоўскага» да 15 гадоў пазбаўлення волі, яго абвінавацілі ў «распальванні сацыяльнай варожасці» ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, а таксама ў «арганізацыі масавых беспарадкаў». З моманту ўзяцця пад варту Ігар Лосік двойчы аб'яўляў галадоўку, першую з якіх трымаў 42 дні.
Сёння Дар'я таксама паведаміла, што двойчы змагла пагаварыць з мужам па тэлефоне: у калоніі яму дазволілі званкі працягласцю ў пяць хвілін.