У Андрэя Пачобута — яшчэ адно новае крымінальнае абвінавачванне
Журналісту-палітвязню Андрэю Пачобуту выставілі новае крымінальнае абвінавачванне.

Плакат з заклікам вызваліць Андрэя Пачобута ў Беластоку Фота: ACH / FORUM
Стала вядома, што журналісту і актывісту Саюза палякаў Андрэю Пачобуту, які ўжо 16 месяцаў знаходзіцца за кратамі, выставілі новае крымінальнае абвінавачванне.
У дадатак да ранейшага «Распальвання варажнечы» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса) Пачобуту выставілі абвінавачванне і ў «Закліках да мер абмежавальнага характару (санкцый), накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» (арт. 361 КК). Пра гэта стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Андрэй Пачобут за кратамі па так званай «польскай справе» з сакавіка 2021 года. Неўзабаве справа будзе перададзеная ў суд.
Нагадаем, 27 ліпеня стала вядома, што Пачобуту прадоўжылі тэрмін утрымання пад вартай.