«Драпежная птушка, сілкуецца чалавечынай». Адвакат-палітвязень Максім Знак за кратамі займеў новае хобі
Палітвязень Максім Знак вырашыў у калоніі асвойваць новае хобі — бёрдвотчынг.

Пра новае хобі Максіма Знака распавялі ў тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі:
«Мне падказаў адзін калега, як называецца правільна занятак, якому мы аддаёмся пры любой магчымасці. Гэта ж бёрдвотчынг!
Я ўжо распавядаў, як мы іх тут «вотчым». Але нядаўна завялося нешта новае. Шэрых варон не відаць, чайкі кудысьці злінялі, затое галубы заўсёды тут, а галубіхі ходзяць з чубікамі — як быццам завіўку зрабілі.
Дык вось сёння бачылі карычневую нязграбную птушку. Як шпак, і з кропкамі, але светлы. Я казаў, што гэта птушка — малады шпак, другі казаў — рэдкі карычневы шпак, а галоўны арнітолаг (той, хто больш за ўсіх за птушкамі назірае) сказаў, што гэта, несумненна, дрозд.
У якасці аргумента ён вось што сказаў:
— Глядзі, якая ў яго дзюба! Сур'ёзная штука. Калі вунь з той трубы разгоніцца і спікіруе, то дакладна чэрап можа праламаць.
Я зразумеў: калі можа чэрап праламаць, тады, вядома — дрозд. Драпежная птушка, сілкуецца чалавечынай — відаць, ёсць тут такія».