«Яму не прабачылі, што не сышоў ціха са сваёй пасады»
Былому следчаму, палітвязню Мікіту Старажэнку працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да верасня.
«Маё сумленне чыстае»
Нагадаем, Мікіту Старажэнку затрымалі 1 лютага гэтага года. Пасля затрымання мужчыны з’явілася інфармацыя, што яго моцна збівалі, з-за гэтага нават не адразу прынялі ў СІЗА №1 на Валадарскага — вазілі ў шпіталь. Але, апроч сінякоў, сур’ёзных пашкоджанняў Мікіту не нанеслі, распавядае яго знаёмая Марыя (імя змененае. — НЧ), якая лістуецца з былым следчым.
— Яго затрымлівалі не ў гандлёвым цэнтры, як пісалі, а на працы (пасля звальнення са Следчага камітэта Мікіта Старажэнка працаваў юрыстам у кампаніі па продажы тавараў. — НЧ), — гаворыць Марыя. — Прыехалі ў офіс, адтуль яго выводзілі вельмі спакойна. Але пазней яго родным патэлефанавалі са шпіталя і расказалі, што на ім былі сляды збіцця. Ён быў у акулярах, якія потым зніклі. Што з імі здарылася, мы ўжо не высвятлялі, проста перадалі новыя.
Марыя мяркуе, што Мікіту збівалі, калі прымушалі запісаць «пакаяннае відэа», дзе ён «прызнаецца», што адпраўляў звесткі пра некалькіх сілавікоў у «пратэсныя тэлеграм-каналы». Тады ж пісалі, што былога следчага звольнілі да выбараў 2020 года, але ў інстаграме Мікіты ёсць дакументы, паводле якіх яго звольнілі 20 жніўня 2020 года. Перад гэтым, 17 жніўня, Мікіта Старажэнка напісаў:
«Да сённяшняга дня я быў супрацоўнікам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Апошнім часам у маю галаву пачалі закрадацца сумненні: служу я народу або не? Я прыйшоў да высновы, што не. Я спрабаваў звольніцца яшчэ да выбараў Прэзідэнта, але атрымаў адмову.
Звальняцца было цяжка, бо разумеў, што чакае вялізная пазыка за навучанне і ёсць сям'я, але выконваць тое, што супярэчыць сумленню, яшчэ цяжэй. Я не хачу адпраўляць у архіў матэрыялы праверак, якія павінны быць крымінальнымі справамі. Сумленных супрацоўнікаў у нашых органах шмат, але яны заціснуты рамкамі загадаў і абавязкаў перад дзяржавай. Калегі, калі чытаеце гэта, адкажыце сабе на адно пытанне: ці зможаце вы сказаць "Гонар маю"? Я змог, маё сумленне чыстае».
Былога следчага абвінавачваюць у «распальванні варожасці групай асоб» і інкрымінуюць ч.3 арт 130 Крымінальнага кодэкса. Ужо праз тры дні пасля затрымання, 4 лютага, вязня перавялі ў СІЗА. Там, наколькі вядома, фізічны ціск да яго не ўжывалі.
Не далі завесці справу супраць сілавікоў
— Калі я даведалася пра яго ўчынак (звальненне са СК. — НЧ), я падумала, што гэта годны чалавек, — працягвае Марыя. — Ён звольніўся, бо яму не далі завесці справу супраць сілавікоў, якія збівалі непаўналетняга хлопца. Яму даручылі весці справу, і ён пайшоў у бальніцу, каб паразмаўляць з гэтым хлопцам. Сам ён быў у цывільным, але яго суправаджаў чалавек у форме — такі парадак. І той хлопец не мог нічога сказаць, ён тросся, давялося нават клікаць на дапамогу лекара — такая ў яго была рэакцыя на чалавека ў форме. І Мікіта зразумеў, што не зможа весці справу супраць гэтага малога, бо ён не вінаваты ні ў чым такім, каб яго настолькі моцна збівалі.
Ён падаў рапарт аб завядзенні справы аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў, які адхілілі. Пасля гэтага падаў рапарт на звальненне, але яго таксама адхілілі. Тады Мікіта сказаў, што не будзе выходзіць на працу, таму што яму не даюць яе выконваць. І яго звольнілі па артыкуле за прагул.
Мікіту Старажэнку выставілі вялізную суму — амаль 15 тысяч рублёў, якія ён мусіў заплаціць за навучанне, паколькі не адпрацаваў пяць гадоў па кантракце. Сродкі збіралі сярод знаёмых, дапамагалі на новай працы, але каб сабраць усю суму, былы следчы звярнуўся ў адзін з фондаў па дапамогу. Урэшце сабралі не толькі неабходныя грошы, але і з лішкам — каля 800 рублёў. У сваім інстаграме Мікіта зрабіў апытанку сярод падпісчыкаў, куды лепш накіраваць гэтыя грошы. Людзі прагаласавалі за тое, каб дапамагчы хворым дзецям, і Мікіта, падзяліўшы суму напалам, перавёў грошы на рахункі двух дзяцей, якім былі неабходныя аперацыі.
Таксама былы следчы бясплатна аказваў юрыдычную дапамогу людзям, якія да яго звярталіся.
«Ён ідэаліст, і калі сутыкнуўся з несправядлівасцю, быў у шоку»
— Ён ніколі не хацеў выязджаць з краіны. Таму не ўдзельнічаў у акцыях, якія праходзілі, бо разумеў, што за ім будуць назіраць. Ён проста выказаўся, але яму не прабачылі тое, што ён не сышоў ціха са сваёй пасады, — лічыць Марыя. — У яго было затрыманне ў красавіку мінулага года за «непадпарадкаванне» — яго пасадзілі на 15 сутак, якія ён правёў у Жодзіне. Забралі таксама з працы — афіцыйна нібыта ён адмаўляўся ісці ў бус. Тады забіралі яго ноўтбук, у якім нічога не знайшлі. Але ў той час ён трапіў у спіс былых супрацоўнікаў органаў, якіх Лукашэнка пазбавіў званняў. Гэта, канешне, ударыла па Мікіту, бо ён казаў, што сумленна працаваў дзеля Радзімы.
Марыя гаворыць, што Мікіту Старажэнку сапраўды падабалася яго праца ў Следчым камітэце, ён хацеў караць злачынцаў і прыносіць карысць людзям.
— У яго былі ідэалістычныя думкі, што чым лепш ён будзе працаваць, тым лепш у Беларусі будзе жыць. Ён ідэаліст, і калі сутыкнуўся з несправядлівасцю, быў у шоку.
Сумуе па дачцэ і верыць, што ўсё будзе добра
У СІЗА Мікіта Старажэнка знаходзіцца ўжо паўгода. Следчыя дзеянні яшчэ працягваюцца, і калі палітвязня пачнуць судзіць — невядома.
— Лісты даходзяць вельмі дрэнна. Маці чакала ад яго лістоў месяц, і ён столькі ж не атрымліваў іх, — гаворыць Марыя. — Даходзіць не ўсё і вельмі выбарачна.
Але, па словах суразмоўцы, палітвязень трымаецца бадзёра, у яго камеры ўсе сябруюць і ўсім дзеляцца. Адзінае нараканне — спёка, паветра не хапае.
— Ён пісаў, што ў іх, як на турэцкім курорце — лазні. Піша з гумарам.
Марыя распавядае пра Мікіту як пра вельмі эмацыйнага і сумленнага чалавека.
— Калі ён нешта робіць, то ад пачатку і да канца. Ён вясёлы, адкрыты, любіць пагаварыць. Калі едзеш з ім у машыне і ён рэзка націсне на тормаз, то абавязкова папросіць прабачэння за дастаўленыя нязручнасці. Бывала, што мы сварыліся, але потым размаўлялі і мірыліся. З ім можна было паспрачацца, але калі ён бачыць, што не мае рацыі, прызнае гэта і выбачыцца.
Ён вельмі любіць сваю маленькую дачку, у кожным лісце піша, як сумуе па ёй і хоча яе ўбачыць, але, на жаль, гэта немагчыма, і ён моцна пакутуе. Мікіта развёўся з жонкай: сужэнцы зразумелі, што яны занадта розныя. Былая жонка адна гадуе дачку і падтрымлівае Мікіту толькі лістамі. Сям'я палітвязня жыве ў Гомельскай вобласці, маці на пенсіі, у бацькі заробак маленькі, браты ўтрымліваюць уласныя сем'і з малымі дзецьмі, таму толькі зрэдку могуць прывозіць яму перадачы. Забяспечыць Мікіту ўсім неабходным дапамагаюць некалькі сяброў з Мінска.
Мікіта Старажэнка вельмі радуецца, калі атрымлівае лісты. Таксама моцнай падтрымкай для яго стануць грашовыя пераводы, бо сям'я не можа высылаць яму грошы, а яны спатрэбяцца, паколькі былому следчаму пагражае тэрмін у калоніі.
— Калі нічога не зменіцца, яму могуць запатрабаваць 5–6 гадоў. Артыкул прадугледжвае да 12, але, паколькі гэта будзе першая судзімасць, максімальны тэрмін прысудзіць не павінны. Але ён упэўнены, што ўсё будзе добра, нягледзячы на тое, што цяпер вельмі цяжкае становішча.
Адрас для лістоў і грашовых пераводаў: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. Мікіта Ігаравіч Старажэнка.