Палітвязень Яўген Батура: «Тая бяда, што накрыла нашую краіну, хутка адступіць»
Яўген Батура даслаў ліст з-за кратаў, у якім напісаў: «І тады мы знойдзем адзін аднаго і пабудуем шчаслівую будучыню».

Фота з сацсетак
Палітзняволены Яўген Батура адказаў на віншаванні з Днём народзінаў, паведамляюць праваабаронцы:
«Неверагодна ўсцешаны тымі словамі, што я атрымаў на свае народзіны. Тут, у сцянах старажытнага замка, якім ад пачатку з'яўляецца Валадарская турма, увогуле праблема з вольным словам.
Мне падаецца, я няварты, слабы, але, з іншага боку, гэта добрая планка і тая вышыня, якой трэба трымацца і адпавядаць, каб сапраўды не ўпадаць у тугу ды з аптымізмам глядзець наперад.
Не сумняюся, што тая бяда, што накрыла нашую краіну, хутка адступіць, і адкрыецца прамы і просты, а таму лёгкі, шлях да волі і праўды, і тады мы, тыя, хто зараз з розных бакоў муроў, знойдзем адзін аднаго і пабудуем шчаслівую будучыню».

Нагадаем, раніцай 29 чэрвеня ў дом да Яўгена Батуры прыйшлі з ператрусам сілавікі. Самога Яўгена затрымалі спачатку на 10 сутак і адвезлі на Акрэсціна. Сваякам сказалі, што падставай затрымання сталі падзеі 2020 года.
Больш чым праз 10 дзён, 12 ліпеня, стала вядома, што Яўгена Батуру перавялі з Акрэсціна на «Валадарку». Яму прад'яўлена абвінавачванне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года
31 ліпеня за кратамі Яўген сустрэў свой дзень народзінаў.

Дасылаць Яўгену лісты і паштоўкі салідарнасці можна на адрас:
СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, Мінск, 220030, Яўген Анатольевіч Батура