Яшчэ адзін палітвязень у бяспецы. Гісторыя Антона Сіманенкава

Студэнта Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, палітзняволенага Антона Сіманенкава затрымалі 1 сакавіка 2022 года. Падставай для абвінавачання стаў скрыншот з відэа, апублікаваны ў адным з азербайджанскіх СМІ. На ім следчыя апазналі на акцыі 20 верасня 2020 года ў Мінску Антона, які стаяў у счэпцы ў першым шэрагу. Антона судзілі. Але гэтая гісторыя мае шчаслівы фінал.

simanenkau_7.jpg


Былога студэнта Мінскага каледжа прадпрымальніцтва, палітзняволенага Антона Сіманенкава асудзілі 9 жніўня ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядаў суддзя Максім Трусевіч.
Антон Сіманенкаў быў затрыманы 1 сакавіка 2022 года супрацоўнікамі ГУБАЗ наўпрост у навучальнай установе. Да суда ўтрымліваўся ў СІЗА №1 на Валадарскага.
Суд мусіў распачацца яшчэ 29 ліпеня, аднак на працэсе высветлілася, што на момант удзелу ў акцыі пратэсту Антону было толькі 17 гадоў, і суддзя Трусевіч узяў тайм-аўт.
Падставай для абвінавачання стаў скрыншот з відэа, апублікаваны ў адным з азербайджанскіх СМІ. На ім следчыя апазналі на акцыі 20 верасня 2020 года ў Мінску Антона, які стаяў у счэпцы ў першым шэрагу.
Суд палічыў Сіманенкава вінаватым і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.
Але ў гэтай сумнай гісторыі ёсць працяг. І ён пазітыўны.
Пасля суда Антон вырашыў, што вопыту сядзення ў СІЗА яму дастаткова і вырашыў застацца вольным чалавекам. Ён выехаў з краіны і цяпер знаходзіцца ў бяспецы. Цяпер юнак марыць пра хутчэйшую адаптацыю і сустрэчу з каханай дзяўчынай.
У Беларусі каля 1600 чалавек утрымліваюцца ў няволі па палітычна матываваных справах. Ім вельмі важная нашая падтрымка. Пішыце вязням лісты і паштоўкі! Інфармацыю пра адрасы можна знайсці тут і тут