«Ніякіх помнікаў і крыжоў у Курапатах не будзе!»

Мінчаніну не далі ўсталяваць помнік аб расстраляным прадзеду ў Курапатах.

kurapaty_ekskursija_zapraszenne_7_1_logo_1.jpg

Старшы бухгалтар Белкамунбанка Вольф Рубінштэйн быў расстраляны НКУС у Мінску ў 1938 годзе. Яго праўнук Яўген Батура хацеў ушанаваць памяць продка ў 80-ю гадавіну трагедыі.

Архіў КДБ не раскрывае дакладнае месца злачынства сталінскіх часоў, таму Яўген вырашыў зрабіць гэта ў сімвалічным для ўсіх сваякоў рэпрэсаваных беларусаў месцы — у Курапатах.

Паколькі Вольф Рубінштэйн быў іудзеем, Яўген абраў у якасці памятнага знака не крыж, а камень. Знайшоў яго, вырабіў шыльду, арандаваў трактар з прычэпам, каб давезці камень да месца. Калі раніцай 27 жніўня камень падвезлі да ўрочышча, аднекуль з’явіліся двое людзей у цывільным і заблакавалі трактар.

— Яны паводзілі сябе нахабна, казалі, што мы здзяйсняем хуліганства, ездзячы па зялёнай зоне, хаця мы стаялі на дарозе, — распавёў «Новаму Часу» Яўген. — Сказалі, каб я дома ставіў помнік, а тут ён непатрэбны. Мы сядзелі ў кабіне, а адзін з іх адчыніў дзверы і сказаў: «Я хачу паслухаць, пра што вы размаўляеце». Паабяцалі вялікія непрыемнасці і выклікалі сваё кіраўніцтва. Хаця ніхто з іх не прадстаўляўся. Калі кіроўца трактара запытаўся, хто яны, са здзекам адказалі, што рэпарцёры, і пры гэтым здымалі ўсё на камеру. Ушчыльную здымалі трактар, накладныя…

Пасля да Курапатаў пад’ехала яшчэ адна машына з людзьмі ў цывільным, а таксама прыехалі нейкія асобы ў гарнітурах, якія таксама не прадставіліся.

— Спачатку яны казалі, што гэта самаўпраўства, ніхто не дазваляў тут нічога ставіць, тут валоданні лясной гаспадаркі, і камні і крыжы, якія прывозяць у Курапаты, — гэта ўвогуле засмечванне лесу. А я казаў — якая лясная гаспадарка, калі гэта народны мемарыял першай катэгорыі, дзе дазволена ўшанаванне памяці загінулых.

Па словах Яўгена Батуры, убачыўшы, што ён сапраўды едзе з каменем да мемарыялу, а не да рэстарацыі «Паедзем, паядзім», невядомыя нібыта супакоіліся. Нават вырашылі не выклікаць міліцыю і ДАІ, аднак загадалі чакаць леснікоў і прадстаўнікоў выканкама.

— Пры гэтым яны перашэптваліся з ціхарамі, — зазначае Яўген. — Адзін з апошніх мне казаў, што ніякіх могілак, нават грамадзянскіх, у Беларусі ўвогуле быць не павінна. Казаў мне: навошта табе гэта трэба, памяць павінна быць у галаве, а на могілкі толькі лайдакі ходзяць. Ганарыўся, што яго памерлыя сваякі гніюць пад зямлёй, а яму па-барабану. Маўляў, памерлыя, магілы — гэта ўсё лухта, улічваючы і яго сканаўшых дзядоў. 

Некалькі гадзін прайшло ў чаканні чыноўніцтва з лясгасу: ехаць ва ўрочышча яны не спяшаліся, а іх тэлефоны не адказвалі. Нарэшце прыехалі двое леснікоў.

— Адзін з ціхароў адразу сказаў мне: спачатку я буду з імі гаварыць, а пасля — ты. І адазваў іх у бок.

Пасля гэтай «размовы» леснікі сказалі Яўгену ехаць у лясгас, нібыта каб атрымаць дакумент на дазвол усталявання помніка. Зрэшты, мужчына быў не супраць атрымаць афіцыйную паперу, але калі ён з’ехаў, кіроўцу трактара, які застаўся ля Курапатаў, сталі пагражаць штрафам, і ён з'ехаў разам з каменем. Яўген жа, не заспеўшы начальніка Бараўлянскага лясгаса Аляксандра Мірановіча на месцы, пазваніў яму, і пачуў толькі, як той гаркнуў у слухаўку: «Ніякіх помнікаў і крыжоў у Курапатах не будзе!» А будзе толькі тады, калі гэта вырашыць зрабіць дзяржава…

— Мяне вельмі раззлавала ўся гэтая сітуацыя, — каментуе Яўген, — бо паводле якога права нейкі ляснік можа вызначаць, дзе ставіць помнікі рэпрэсаваным, а дзе не? Ушанаванне памяці не патрабуе ніякіх узгадненняў, ёсць нават пастанова, у якой гэта зацверджана.

Адмаўляцца ад ушанавання памяці прадзеда ў Курапатах ён не збіраецца.