Ва ўладаў яшчэ ёсць шанец змяніць пазіцыю адносна Курапатаў

У Міністэрства культуры яшчэ ёсць шанец зрабіць сумленны крок адносна Курапатаў, заявіў у інтэрв’ю НЧ вядомы беларускі жывапісец, былы старшыня творчай суполкі «Пагоня» Беларускага саюза мастакоў Генадзь Драздоў.

kurapaty_drazdou_mk_adkaz_logo.jpg

Так ён пракаментаваў вынікі свайго ліставання з Міністэрствам культуры і нядаўняе абвяшчэнне Міністэрствам культуры вынікаў дзяржаўнага конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ў Курапатах.
Паводле мастака, Мінкультуры нічога не зрабіла для выканання прадстаўлення Генеральнай пракуратуры Мінаблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 года і кантролю за яго выкананнем. Як вядома, гэтае прадстаўленне зафіксавала парушэнні заканадаўства ў дачыненні да Курапатаў, калі СТАА “БелРэстІнвест” самавольна і незаконна ўзвяло ў недатыкальнай ахоўнай зоне ўрочышча з яго заходняга боку шэраг новых пабудоў аб’екту прыдарожнага сервісу з былой назвай “Бульбаш-хол”, дзе зараз месціцца рэстаранна-забаўляльны комплекс “Поедем, поедим”.
Замест выканання прадстаўлення Генпракуратуры Мінкультуры незаконна звузіла мяжу ахоўнай зоны каштоўнасці з яе заходняга боку такім чынам, каб усе пабудовы аб’екту прыдарожнага сервісу апынуліся па-за межамі ахоўнай зоны.
На меркаванне Генадзя Драздова, Мінкультуры нясе юрыдычную і маральную адказнасць за напружанасць вакол Курапатаў, бо будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплексу каля нацыянальнага некропалю ёсць знявага памяці нявінных ахвяраў сталінізму. Каб зняць напружанасць ля Курапатаў уладальнікам рэстарацыі “Поедем, поедим” трэба як мага хутчэй пакінуць гэтую тэрыторыю і такім чынам выканаць аднагалоснае рашэнне чыноўнікаў на нарадзе ў Мінаблвыканкаме 27 снежня 2012 года па выніках разгляду прадстаўлення Генеральнай пракуратуры ад 27 лістапада 2012 года. Тым больш, што ўздоўж МКАД шмат месцаў, дзе можна размясціць рэстарацыю.

ei4vkhzjsgi.jpg

31dbwbzx2_q.jpg


Такім чынам, у чыноўнікаў яшчэ ёсць шанец выправіцца, прыняць адказнае рашэнне і стаць на бок тых сумленных людзей, якія бароняць Курапаты ад знявагі і гвалту, лічыць Генадзь Драздоў.
Паводле яго, днямі адбудзецца адмысловае пасяджэнне прадстаўнікоў нацыянальнай творчай інтэлігенцыі і беларускай грамадскасці, якія шмат гадоў апякуюцца Курапатамі. На гэтым пасяджэнні і будзе выкладзена адрозная ад уладнай пазіцыя наконт ушанавання памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах. Гаворка вядзецца пра праект такога абрамлення для створанага ва ўрочышчы Народнага мемарыялу, якое мусіць быць кранальным, адпавядаць маштабу нацыянальнай трагедыі, сучасным сусветным мастацкім падыходам да помнікаў такога ўзроўню і беларускім народным традыцыям ушанавання памяці продкаў, падкрэсліў Генадзь Драздоў.