Бізнесовец Ізраілевіч збіў абаронцаў Курапатаў – сведкі
Інцыдэнт адбыўся ўвечары 29 жніўня ля рэстарацыі «Поедем, поедим».
Відэа, на якім пацярпелы абаронца Курапатаў Дзяніс Урбановіч распавядае пра збіццё, выклаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Дзяніс Івашын.
Як паведамляе Радыё Свабода сам Ізраілевіч гэта зняпраўджвае: «Ён на мяне наляцеў, я яго адштурхнуў».
«Новы Час» звязаўся з актывісткай Ганнай Шапуцькай, якая знаходзілася падчас інцыдэнту на месцы здарэння.
– Як звычайна, ля рэстарацыі стаяла варта, пратэстоўцы не прапускалі машыны, але яны і не ехалі: прыязджалі, спыняліся і далей у рэстаран людзі ішлі пешшу. І толькі калі пад’ехала “бэнтлі” 7777 АМ-7, адтуль выскачыў Ізраілевіч са словамі «Што вы мне тут перашкаджаеце ехаць?» (хаця ніхто яму не перашкаджаў) і пачаў адразу біцца, прычым даволі жорстка. Ён нанёс удары чатыром людзям, больш за ўсіх дасталося Дзянісу Урбановічу.
Па словах Ганны Шапуцькі, бізнесовец наносіў даволі добра пастаўленыя ўдары нагамі.
– Вельмі неадэкватна паводзіў сябе, мы яму сказалі, што ён мог бы прыйсці на суд і выказаць там сваю пазіцыю, а не ехаць і кідацца на людзей у Курапатах.
У выніку актывісты выклікалі міліцыю і хуткую, Ізраілевіч у адказ выклікаў ДАІ. Дзяніс Урбановіч напісаў заяву на Аркадзя Ізраілевіча ў сувязі са збіццём, а Ізраілевіч напісаў заяву на актывістаў, якія нібыта яго абражалі і падрапалі машыну. Таксама ДАІ аштрафавала Урбановіча і Сяргея Анянкова, і склала пратакол на Паўла Севярынца, якога ўвогуле не былоў гэты час каля «Поедем, поедим» – ён удзельнічаў у штомесячнай акцыі ўнашавання памяці рэпрэсаваных на Галгофе.
Дзяніса Урбановіча хуткая павезла рабіць здымак, актывісты падазраюць, што ў яго можа быць пералом нагі.
Цяпер, па словах сведкі, у рэстарацыі вельмі шмат сяброў Леаніда Зайдэса сталага ўзросту. Таксама на варце застаюцца 13 абаронцаў.
Нагадаем, сёння адбылося першае судовае пасяджэнне па іску Аркадзя Ізраілевіча супраць «Новага Часу» і Дзяніса Івашына. Бізнесовец патрабуе ад газеты абвяржэння дадзеных, якія шкодзяць яго рэпутацыі, і 40 000 рублёў кампенсацыі. Сам Ізраілевіч на пасяджэнне не прыйшоў.