Бізнесмен Ізраілевіч гатовы адклікаць пазоў да «Новага часу», але пры адной умове
Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч судзіцца з выданнем «Новы час», якое выпусціла шэраг матэрыялаў пра яго датычнасць да скандальнага рэстарана «Поедем, поедим». Ён хоча спагнаць з газеты 40 тысяч рублёў за «маральныя пакуты, пагаршэння стану і шкоду рэпутацыі».
Першае судовае паседжанне, праўда, ні да чаго не прывяло — сам Ізраілевіч на яго не прыйшоў, а суд пастанавіў «удакладніць патрабаванні да газеты».
Як заявіў сам Ізраілевіч у каментарыі «Нашай Ніве», ён перагледзеў сітуацыю і гатовы адклікаць пазоў.
«Мяне не цікавяць тыя грошы, я не хачу забіраць іх у незалежнай прэсы. Я ўвогуле паважаю незалежную прэсу — заўсёды павінен быць адлюстраваны іншы погляд. Я таксама звярну ўвагу, што пра Курапаты я ніводнага кепскага слова не сказаў, я толькі назваў швондзерамі тых, хто кідаецца пад машыны і лаецца пры дзецях. Я таксама выбачыўся перад Анісім [дэпутатку Алену Анісім ён палічыў гаспадаром газеты «Новы час» — Рэд].
А што да газеты… Ну вось Івашын [журналіст Дзяніс Івашын — аўтар цыкла расследаванняў пра рэстаран у Курапатах — Рэд.]— ён бачыць, што я катэгарычна не згодны з яго першай публікацыяй, а потым не каб пазваніць мне! Выпускае яшчэ чатыры і ў судзе абяцае пятую! Гэта нармальна? Калі б ён са мной пагаварыў, то я б дакументамі разбіў яго сцверджанні.
Таму я прапаную наступнае: разабрацца да 10 верасня з юрыстамі. Вось сядаю я са сваім і газета са сваім, давайце яшчэ побач пасадзім пару журналістаў: «Нашу Ніву», «Тутбай», «Свабоду». І па кожным пункце праверым.
Калі там напісана праўда, то я ў гэтым публічна прызнаюся, калі не, то маё патрабаванне простае: «Новы Час» напіша, што іх журналіст Івашын надрукаваў неправераную інфармацыю, вось і ўсё».
Паводле Нашай Нівы