Міліцыя Савецкага раёна вынаходзіць новыя законы фізікі

Згодна з рапартамі міліцыянтаў і матэрыяламі крымінальнай справы Змітра Галко, чалавек можа знаходзіцца ў дзвюх месцах адначасова.

Зміцер прыйшоў на працэс з сынам Янам.

Зміцер прыйшоў на працэс з сынам Янам.


Большасць, мусіць, ведае знакаміты эксперымент з катом Шродынгера, які жывы і ў той жа час мёртвы. Менавіта гэты парадокс прыходзіў на розум падчас сённяшняга суда над журналістам Змітром Галко.
Юрыдычных парадоксаў у гэтай справе больш чым хапае. Напрыклад, тое, што ў лістападзе 2017-га Галко ўжо судзілі за сутычку з міліцыянтамі, кваліфікаваўшы яе як дробнае хуліганства. Але потым вырашылі перакваліфікаваць ягоныя дзеянні на арт.364 КК і судзілі, фактычна ў другі раз, за тое ж самае, што з'яўляецца парушэннем базавых прынцыпаў права: чалавек не можа быць асуджаны двойчы за адно і тое ж.
Альбо той факт, што згодна з КПК, чалавека, які "заспеты падчас злачынства альбо непасрэдна пасля яго [...] можа быць затрыманы па непасрэднаму падазрэнню ў ажыццяўленні злачынства", чаго, аднак, не адбылося — Галко быў затрыманы за "дробнае хуліганства" і атрымаў 2 базавых штрафу.
У далейшым суд адмяніў гэтае пакаранне і направіў справу на новы разгляд, які і адбыўся сёння. На гэтым юрыдычныя парадоксы скончыліся і пачаліся прасторава-часавыя.
Суддзя Вера Міхайлаўна Галаўкова, што вяла працэс, выклікала двух сведкаў па справе, адзін з якіх (міліцыянт Сойка) не з'явіўся (Галко быў супраць таго, каб разглядаць справу ў ягоную адсутнасць, але суд не ўзяў гэта да ўвагі), бо знаходзіцца ў Бярэсце. Хутка высветлілася, што другі сведка — міліцыянт Шынкароў, не памятае ўвогуле нічога.
Суддзя просіць расказаць, як адбывалася затрыманне Галко.
Шынкароў:
— Не памятаю

Суддзя:
— Што, зусім нічога не памятаеце?

Шынкароў:
— Калі шчыра, не вельмі...
Дадатковыя пытанні плёну не далі. Шынкароў не памятаў, дзе знаходзіўся Галко ў момант затрымання і чаму ён увогуле вырашыў, што Галко трэба затрымаць.
Суддзя пачаў зачытваць матэрыялы справы. Згодна з імі, Галко быў затрыманы Шынкаровым і Сойка... на вуліцы Бурдэйнага! І гэта ў той час, як уся крымінальная справа, па якой Галко атрымаў 4 гады хіміі, будавалася вакол таго, што Зміцер быў затрыманы ў сябе ў кватэры на Мележа. Канешне, гэта ні ў якім разе не кажа аб неахайнасці міліцыянтаў альбо, крый Божа, аб фальсіфікацыі справы. Хутчэй за ўсё Галко проста знаходзіўся ў двух месцах адначасова. Чаму ж беларускія міліцыянты не могуць быць першаадкрывальнікамі новых прынцыпаў у квантавай фізіцы?

Зміцер Галко разважае над складанасцю Сусвету.

Зміцер Галко разважае над складанасцю Сусвету.


Урэшце, суддзя адпусціла міліцыянта, а Галко напрыканцы працэсу папрасіў занесці ў пратакол той факт, што Шынкароў і Сойка ўвогуле не фігуруюць у крымінальнай справе, а таксама супярэчнасці адносна часе затрымання.

img_9491_logo.jpg
img_9493.jpg

img_9489.jpg


Сам Зміцер Галко адзначае: згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, яго затрымлівалі не Сойка і Шынкароў, а Е.О.Барзяк і А.А.Каптур. Але ж, вядома, міліцыя памыляцца не можа, і таму найбольш верагоднае тлумачэнне палягае ў тым, што два гэтых затрыманні адбываліся паралельна, ў дзвюх рэчаіснасцях.
Пасля перапынку суддзя пастанавіў паўторна выклікаць сведку Сойка і запрасіць зводку Савецкага РУУС адносна здарэнняў у той дзень.
Новае судовае пасяджэнне папярэдне назначанае на 17 кастрычніка, 10.30. Зміцер Галко зможа прысутнічаць на ім, толькі калі яшчэ не будзе адпраўлены ў спецкамендатуру для адбывання сваіх чатырох год «хіміі». У адрозненні ад участковых і патрульных маніпуляваць часам і прасторай ён яшчэ не навучыўся.
Фота Мікалая Дзядка