Вызначаны пераможца дзяржаўнага конкурсу на помнік у Курапатах

Міністэрства культуры каротка абвясціла вынікі конкурсу эскізных праектаў памятнага знаку ва ўрочышчы Курапаты. Пераможцам названы аўтарскі калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыя Маркаўцова і Вольга Ярмоліна, паведамляе «Радыё Свабода».

Эскіз помніка калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай

Эскіз помніка калектыў скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, а таксама архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай

Як выглядае работа, на сайце Міністэрства культуры не паведамляецца. Свабодзе не ўдалося аператыўна высветліць у міністэрства, які варыянт помніка перамог у конкурсе.

Адзін з аўтараў праекту Сяргей Аганаў расказаў “Свабодзе”, што выбраны варыянт з чатырма слупамі ў «іржавым» метале.

Паводле Аганава, аўтары маюць прынцыповую пазіцыю «максімальна захаваць Народны мемарыял, які цяпер існуе»:

«Для нас важныя усе пластычныя аб’ёмы і ўсе крыжы і помнікі, якія ёсць. Мы ставілі сабе задачу максімальна інтэграваць свой знак у існы мемарыял».

Паводле скульптара, «іржавы» колер знаку спалучаецца з курапацкімі соснамі, а вертыкальная форма знаходзіцца ў гармоніі з існымі крыжамі, якія сведчаць пра неабыякавасць людзей, што іх паставілі.

На мемарыяльным знаку прадугледжаныя словы «маці, сын, бацька, дзед», бо ўсе ахвяры палітычных рэпрэсіяў 1930–40-х гадоў былі нейчымі роднымі.

«Цяпер ідуць перамовы аб фінансаванні, у чацвер адбудзецца паседжанне мастацкай рады манументальнага і дэкаратыўнага мастацтва пры Савеце міністраў, на якім будуць зацвярджаць праект», — дадаў Аганаў.

 

Нячай: Павінна захавацца ўсё, што ўжо ёсць ва ўрочышчы

Скульптар Вольга Нячай, адна з аўтарак мемарыяльнага знаку ахвярам расстрэлаў у Курапатах, таксама пацвярджае: у працэсе рэалізацыі праекту на першым месцы было захаванне народнага мемарыялу.

«Самае першае, з чаго сыходзіў наш аўтарскі калектыў, — увесь ландшафт урочышча павінен захавацца ў тым самым выглядзе, у якім існуе зараз. Гэта наша асноўная і прынцыповая пазіцыя, — падкрэсліла суразмоўца. — Мы разумеем: гэта сапраўды народны мемарыял, які досыць працяглы час ужо існуе, і галоўная задача — паставіць знак, на які быў абвешчаны конкурс, максімальна так, каб захаваць цяперашні ландшафт. Мы не хочам нічога чапаць, перадусім крыжы — павінна захавацца ўсё, што ўжо ёсць. Паўтаруся, такая пазіцыя ў аўтарскага калектыву была ад пачатку».

Нягледзячы на тое, што сумесны праект Вольгі Нячай, Сяргея Аганава, Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай ужо зацверджаны пераможцам конкурсу, 30 жніўня на адмысловае пасяджанне збярэцца Рэспубліканская мастацка-экспэртная рада па манументальным мастацтве. Мэтай — унесці апошнія карэктывы ў эскіз мемарыяльнага знаку.

«Конкурсны эскіз — гэта адна справа, а канчатковая праца — усё ж крыху іншае, — адзначае Вольга Нячай. — Таму манументальная рада, у якую ўваходзяць вядучыя спецыялісты ў сваіх галінах — гісторыкі, скульптары, мастакі — уносяць свае пажаданні. Бо здараецца, што аўтар проста не бачыць уласных хібаў. І чальцы рады скіраваныя на тое, каб дапамагчы заўважыць нейкія памылкі. 30 жніўня павінна адбыцца паседжанне рэспубліканскай рады, на якім будзе абмяркоўвацца эскізны праект, дапрацаваны з улікам ранейшых пажаданняў. Тады ўжо будзе нейкая канкрэтыка».

Знак мяркуюць ставіць у Курапатах на пагорку, дзе цяпер стаяць вялікія крыжы і дзе звычайна адбываюцца мітынгі, але за 10 метраў убок ад цэнтру, бо там праходзіць газаправод.

Аўтарскі калектыў мае і праект мемарыялізацыі ўсіх Курапатаў, ад уваходу і да «Галгофы», але пра гэта пакуль мова не ідзе, паведаміў “Свабодзе” Аганаў.

Вольга Нячай і Сяргей Аганаў — таксама аўтары помніка князю Гедзіміну ў Лідзе (таго, на якім князь стаў звацца Гедымінам).

Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадзкасці.

***

Пасля таго, як у лютым 2017 года паўстаў кругласуткавы лагер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, у газеце «СБ. Беларусь сегодня» адбыўся круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць». Яго матэрыялы паказалі па БТ.

Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мемарыяльны комплекс. 24 сакавіка 2017 году Міністэрства культуры абвясціла конкурс эскізаў памятнага знаку «Курапаты».

Адзін з эскізаў, выбраны журы ў ліку трох «фіналістаў»

Адзін з эскізаў, выбраны журы ў ліку трох «фіналістаў»

Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мемарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газеты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч заявіў, што да мемарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана лаўрэатцы Нобелеўскай прэміі ў літаратуры Святлане Алексіевіч. Яна адмовілася, сказаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк. У сваю чаргу палітык, які з 1996 года не жыве ў Беларусі, лічыць, што Народны мемарыял у Курапатах ужо створаны.

У снежні 2017 году старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца сказаў “Свабодзе”, што ўсе вызначаныя тэрміны для падвядзення вынікаў конкурсу ўжо даўно прайшлі, вынікаў няма. Павал Якубовіч сказаў, што прычынаў затрымкі некалькі. Адна з іх — «неабходнасць вызначыць гістарычныя межы мемарыялу, каб не было непаразуменняў накшталт усялякіх будаўніцтваў побач з Курапатамі».

Прозьвішчы іншых «фіналістаў» невядомыя

Прозьвішчы іншых «фіналістаў» невядомыя


У чэрвені 2018 года журы выбрала тры варыянты эскізных праектаў памятнага знаку. Ніводзін не задаволіў незалежных экспертаў. Ці цяпер выбраны адзін з тых трох, ці нейкі іншы, невядома.