Генадзь Мажэйка: Мне застаецца сядзець і назіраць, ацэнкі буду даваць пазней

«40 гадоў сустрэць у турме — done. Працуе хэштэг # сороклетнеприговор», — піша журналіст у лістах з-за кратаў.

Генадзь Мажэйка. Фота: Press Club Belarus

Генадзь Мажэйка. Фота: Press Club Belarus

З маці палітвязня Генадзя Мажэйкі журналісты «Прэс-клуба» паразмаўлялі пра сына, НЧ прапануе фрагменты з яе расповеду.

Палітвязень, журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі», Генадзь Мажэйка трапіў у СІЗА 1 кастрычніка 2021 года. Яго затрымалі ў Маскве. У ноч з 1 на 2 кастрычніка маці Мажэйкі паведамілі, што сын знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна ў Мінску. Ноччу 5 кастрычніка карэспандэнта перавезлі ў следчую турму ў Жодзіне, а ў канцы снежня 2021-га стала вядома, што ён знаходзіцца ў СІЗА-1 у Мінску.

Затрыманне журналіста звязанае, відаць, з ягонай нататкай на сайце Беларускай «Камсамолкі» пра IT-спецыяліста Андрэя Зэльцэра, які загінуў у перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ. «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці» і «абраза прадстаўніка ўлады» — такія абвінавачванні прад'яўляюць Мажэйку.


— Ці атрымліваеце вы лісты ад Генадзя? Чым ён з вамі дзеліцца?

Лісты праходзяць вельмі дрэнна. Ад Гены практычна нічога не даходзіць, а ад нас яму — выбарачна. Атрымлівае толькі мае лісты і яшчэ ад двух-трох чалавек, яго сяброў і калег. Адвакаты кажуць, што яны там ад ліста да ліста жывуць. Гена стараецца пра станоўчыя рэчы пісаць, што ў яго ўсё ў парадку, спрабуе нас супакоіць: «Не турбуйцеся, абстрагуйцеся ад усялякіх думак, размаўляйце з сябрамі». Гену радуе, калі пра яго ўзгадваюць, калі яму пішуць пра жыццё, пра навіны.

Калі ён сядзеў у СІЗА ў Жодзіне, была складаная сітуацыя: шмат людзей у камерах, на паўтара месяцы абвясцілі каранцін. Гэта для Гены стала самай вялікай праблемай, ён адчуваў інфармацыйны голад. Вельмі перажываў за лёс іншых супрацоўнікаў «Камсамолкі». Цяпер яго таксама цікавіць, як справы ў яго сяброў і калег. Многія сябры раз'ехаліся хто куды, і адтуль наогул лісты не прыходзяць.

Да суда сустрэч у нас з Генам няма, следчыя дзеянні вядуцца вельмі марудна.

Грашовы рахунак у яго адкрыты, грошай дастаткова, ён можа на іх набыць прадукты, сродкі гігіены. Пасылкі і грашовыя пераводы дасылаюць яму нават тыя людзі, якіх мы не ведаем. Вялікі дзякуй ім усім, што не забываюць Гену!


— Як ён бавіць час у СІЗА?

У Жодзіне можна было афармляць падпіску на выданні, спрабавалі нешта выпісаць, а ў мінскім СІЗА ўжо ўсё забаронена. Прыносяць толькі «Савецкую Беларусь». Раней раз на месяц была магчымасць пачытаць «Беларусы і рынак».

Гена стаў вучыць англійскую мову. У камеры з ім шмат цікавых людзей, ёсць і тыя, з якімі ён знаходзіць агульных знаёмых. Неяк спачатку ў перапісцы з калегамі з «Камсамолкі» прапаноўваў пакінуць у газеце паласу для яго ўспамінаў і сабраных гісторый...

Гена моцна захоплены журналістыкай. Шмат пісаў на авіятэматыку, пра аўтамабілі, рыхтаваў карысныя артыкулы пра машыны. У апошні час у яго выходзілі цікавыя матэрыялы аб гістарычных месцах і падзеях Мінска, напрыклад, аб тым, як метро будавалі. Гена нарадзіўся ў Мінску, любіць яго.


З лістоў Генадзя Мажэйкі

«Гляджу БТ і чытаю "СБ" — здаецца, я ўжо нармалізаваўся. Жарт. Крыніц інфармацыі, вядома, вельмі мала. Яшчэ нядаўна я выпісваў "Беларусы і рынак", але цяпер, мяркуючы па ўсім, прыйшоў канец. Вельмі не хапае інфармацыі прыватнага характару. Напрыклад, што адбываецца цяпер у калег? Хто дзе? Чым займаецца?»

«Узяў двухтомнік па англійскай, вырашыў успомніць, падвучыць. Пачаў за здароўе, а ў апошні час пайшло горш — не хапае ўседлівасці сядзець у 40 гадоў за падручнікам. У турме! Дарэчы, 40 гадоў сустрэць у турме — done. Працуе хэштэг # сороклетнеприговор».

«З лістамі кепска, атрымліваю рэдка. Тым не менш, ведаю, што калегі, сябры і блізкія падтрымліваюць і памятаюць. У любым выпадку пакуль мне застаецца сядзець і назіраць, ацэнкі буду даваць пазней».