«Вова, мы афігелі!» Галоўны рэдактар «КП» — пра тое, што адбываецца з беларускай рэдакцыяй

Больш за год таму «Камсамолку» ў Беларусі перасталі друкаваць. У верасні 2021 года заблакавалі сайт. Журналіста рэдакцыі Генадзя Мажэйку затрымалі. Адбыўся разгром аднаго з самага папулярных выданняў Беларусі. Галоўны рэдактар «Камсамольскай праўды» Уладзімір Сунгоркін распавёў карэспандэнту RT аб сітуацыі вакол «КП» у Беларусі. Фрагменты інтэрв'ю прыводзіць «Наша Ніва».

3_hpvni.jpg

На пытанне карэспандэнта, што адбылося з беларускай рэдакцыяй, Сунгоркін адказаў, што не ведае, што сказаць:

«Таму што самы правільны і дакладны адказ: адбылося нешта, што да гэтага часу не ўкладваецца ў маёй галаве. Я заўсёды, гадоў так 30 апошніх, сябе пазіцыянаваў (цалкам шчыра) як вялікага сябра беларускага народа і ідэі саюзнай дзяржавы, які з сімпатыяй адносіцца да лініі, якую вёў Лукашэнка».

Мы не паспелі азірнуцца! Нас закрылі

Сунгоркін распавёў, што калі ўлетку 2020-га «пачаўся выхад велізарных народных мас, збіванні, сінякі ва ўсю нагу, "Камсамолка" гэта падавала як магутныя гістарычныя падзеі».

На пытанне, на чыім баку ён быў у той час, глаўрэд сышоў ад адказу, сказаў, што ён быў у адпачынку ў гэты час, на Далёкім Усходзе, у Хабараўску. І яму тэлефанавалі, каб «нармалізаваць "Камсамолку"».

«У нас было сем гадзін розніцы. І я памятаю, мяне разбудзілі ў дзве гадзіны ночы з крыкамі: маць-перамаць, што ў цябе там робіцца? А гэта не ў мяне. Гэта беларуская "Камсамолка"… Але тым не менш. Далей нам кажуць: хлопцы, ну, вы ачмурэлі. Вы тут распальваеце… Ну добра. Мы ўсё зразумелі: распальваць не будзем. Сітуацыя нервовая. Я тэлефаную [рэдактару ў Менску]: слухай, давай спакайней, асцярожней».

Сунгоркін кажа, што ёсць розніца паміж сітуацыямі ў Расіі і Беларусі:

«Як бы гэта было ў Расіі? Не раздзімай, давай супакоімся і працуем далей. А ў Беларусі, на дзікае маё здзіўленне, тут жа запісалі "Камсамольскую праўду" ў ворагі, у агенты Захаду, у шпіёнаў… Карацей, мы не паспелі азірнуцца! Нас закрылі».

Cунгоркін распавёў, як адбывалася закрыццё.

«Былі цвёрдыя ўказанні не друкаваць [выданне]. Добра, не друкуйце, мы будзем з Расіі вазіць. Пасля гэтага прыйшло ўказанне ў Мінску "Камсамолку" не прадаваць. Хто будзе прадаваць, будуць пакараныя. Нас забаранілі поўнасцю!»

Рэдактар усё разумее. Што зараз пачнецца

Галоўны рэдактар распавёў, як развіваліся падзеі пасля забойства супрацоўніка КДБ айцішнікам Андрэем Зельцэрам:

«"Камсамольская праўда", спрабуючы зразумець, што гэта было, узяла інтэрв'ю ў аднакласніцы Зельцэра. Яна адказала, што хлопец быў добры 12 гадоў таму. Але што з ім стала, я не разумею. Кропка…

Далей адбываецца неверагоднае. Гэтую нататку і напісаў Мажэйка.

Час 21 гадзіна 59 хвілін (усё па хвілінах запісана!), ён гэта выкладвае на сайт. У 22:07 хапаецца за галаву мінскі рэдактар: што ты нарабіў! Ён усё разумее. Што зараз пачнецца. Спачатку ён прыбірае загаловак "Хлопец быў добры". А потым хутка выкрэслівае і ўсю нататку. Прайшло сем хвілін. Позна. Прычым я таксама рэдактар. Калі б я гэта ўбачыў, я б, напэўна, прапусціў…» — кажа галоўны рэдактар.

«Якія навіны? Ніякіх. Сустракаліся? Не»

Сунгоркін распавядае, што асабіста не быў знаёмы з Генадзем Мажэйкам, кажа, што той пісаў пра «аўтамабільчыкі, тэхніку, гаджэты».

«У гэты пракляты вечар ён проста аказаўся дзяжурным… Назаўтра ён [Мажэйка] разумее, што ўжо 200 чалавек там сядзіць за непавагу да гэтай гісторыі [забойства супрацоўніка КДБ]. Ён збірае манаткі і зʼяжджае ў Маскву, каб з Масквы паляцець у Варшаву. І да яго хтосьці ў Маскве падыходзіць на рэгістрацыі ў Шарамеццева, кажа: куды ты сабраўся? У Варшаву? Ты адкуль? З Мінска? Трэба вярнуцца ў Мінск».

Але хто развярнуў Мажэйку ў Маскве, Сунгоркін не ведае.

«Ведаеце, чаму я нічога не ведаю? Бо з таго часу, а гэта было 30 верасня ці ўжо 1 кастрычніка, з таго часу з ім [Мажэйкам] ніхто не размаўляў… Я гаварыў з ягонай мамай учора: якія навіны? Ніякіх. Сустракаліся? Не. Пасылкі перадаюць, іх вяртаюць. У яго страўнік хворы, але нават лекі: частку забіраюць, частку вяртаюць. Ён яшчэ і курыць — тытунь не прымаюць».

«Нашу галоўную газету спыняюць у краіне, якая існуе на расійскія грошы»

На пытанне журналіста, як Сунгоркін, рэдактар «любімай газеты Пуціна», можа растлумачыць гэта стаўленне да «Камсамолкі» ў Беларусі, ці размаўляў ён з кімсьці з начальства на гэты конт, глаўрэд адказаў:

«Яны кажуць: Вова, мы афігелі! Я дакладна пераказваю. Мы не ведаем, што рабіць… А што рабіць? Лаўроў, гэта ж не сакрэт, ставіў гэтае пытанне. Пяскоў на брыфінгу гаворыць вельмі важную фразу, там кожная літара важная: Крэмль занепакоены. Ну, чаго гэтага, мала? Хаця б на хатні арышт яго [Мажэйку] перавесці. Ну за што ён сядзіць…»

На пытанне журналіста, як такое магчыма, што карэспандэнта расійскага выдання «бяруць у закладнікі фактычна», «нашу галоўную газету спыняюць у краіне, якая існуе на расійскія грошы», Сунгоркін разводзіць рукамі:

«Я сам задаюся гэтым пытаннем. Я чалавек аптымістычны і ва ўсім спрабую знайсці нейкі канструктыў. І я думаю, што гэта каласальнае цярпенне расійскіх уладаў, якія разумеюць, што мы патрапілі ў гэтую пастку і альтэрнатывы ў нас няма, акрамя як падтрымліваць Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Бо альтэрнатыва яму — гэта, умоўна кажучы, прыход НАТА і антырасійскай улады.

Вось як можна ўсё растлумачыць».

 ***

Журналіста Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка. Падставай да затрымання стала яго нататка на сайце kp.by, апублікаваная вечарам 28 верасня. У ёй аднакласніца праграміста Андрэя Зэльцэра, які забіў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, станоўча ахарактарызавала яго.

Беларускаму журналісту Мажэйку выставілі абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: арт. 130 КК РБ (распальванне сацыяльнай варожасці або варожасці) і арт. 369 КК РБ (абраза прадстаўніка ўлады).

На наступны дзень сайт kp.by быў заблакаваны.

А яшчэ праз некалькі дзён расійскім офісам было прынята рашэнне пра закрыццё беларускай рэдакцыі «Камсамолкі».