Ілля Міронаў з-за кратаў: «Баюся, што да суду я магу не працягнуць»
Маці палітвязня апублікавала ліст ад сына, якога паўтара месяца трымаюць у няволі па «справе Зэльцэра», піша «Салідарнасць».
— Атрымала сёння ад Іллі адразу тры лісты, ўзрадавалася, але прачытаўшы іх... Я ўжо вельмі даўно не дазваляю сабе плакаць — але тут прарвала, — піша Валянціна Міронава. — Не буду выкладаць змест гэтых лістоў, але гэта крык адчаю.
Яму цяжка псіхалагічна, шмат праблем са здароўем, нават нейкія ўколы яму робяць, вялікія праблемы з вачыма. У мяне да вас велізарная просьб: не крыўдуйце, калі ён вам не адказвае, і працягвайце пісаць.
Валянціна Міронава апублікавала ліст ад сына:
«Пішу толькі табе, а таксама нашаму адвакату. Баюся, што да суду я магу не працягнуць, спрабую неяк настройвацца, але ўжо з-за стану здароўя ні чытаць (кніг тут шмат), ні тым больш адказваць на лісты (атрымліваю па 7-8 лістоў у дзень), таму перадавай усім неабыякавым людзям ад мяне прывітанне і сардэчныя пажаданні.
Спадзяюся, што на зямлі стане яшчэ больш добрых, сумленных, неабыякавых людзей, якія з яшчэ большымі сіламі пачнуць падтрымліваць адно аднаго і ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе. Я ўсіх вельмі люблю і сумую!»