Адвакат Ціханоўскага: Апошняе слова ў судзе Сяргей гаварыў на працягу працоўнага дня

14 снежня Гомельскі суд прысудзіў блогера Сяргея Ціханоўскага да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і пастанавіў спагнаць з яго, а таксама з іншых пяцярых абвінавачаных па справе кампенсацыю шкоды ў памеры каля аднаго мільёна долараў. «Палітычна матываваны прысуд» асудзілі ў ЗША і ЕС.

ciha_0.jpg

Пра працэс, рэакцыю на рашэнне суда самога Ціханоўскага і пра тое, што будзе далей, расказваюць «Еўрарадыё» яго экс-адвакатка Наталля Мацкевіч, якая была адхіленая ад абароны ў судзе з 13 кастрычніка, а потым выключаная з калегіі адвакатаў і пазбаўленая ліцэнзіі, і адвакат Віктар Мацкевіч, які працягвае абарону блогера. 

Віктар: Прысуд для Сяргея быў чаканы, не стаў сюрпрызам. Таму, як відаць нават з паказаных кадраў, Сяргей быў сапраўды спакойны і цвёрды ў часе яго абвяшчэння. Нядаўна, ужо пасля прысуду, я прыязджаў да яго ў СІЗА, з ім усё ў парадку.

— Якімі былі вашы апошнія размовы з Сяргеем да абвяшчэння прысуду? Што яго хвалявала? Якія рабілі прагнозы? Магчыма, Сяргей разважаў пра будучыню?..

Наталля: Да майго адхілення ад абароны мы не раз абмяркоўвалі магчымы тэрмін, зыходзячы з абвінавачанняў і правілаў прызначэння пакаранняў. Разумелі, што тэрмін будзе блізкі да максімальнага. Але мы гаворым, што ўсялякі тэрмін тут непрымальны. Паводле міжнародных прававых стандартаў, наогул нельга пазбаўляць волі за словы, тым больш пры поўнай адсутнасці злачынства. Прагнозы на будучыню складана будаваць, але мы спадзяёмся, што ў кожным разе Сяргею 18 гадоў пазбаўлення волі не наканаваныя. І ён верыць, што ўсе гэтыя ахвяры не дарэмныя.

— У сеціве размешчана песня Сяргея Ціханоўскага «Этот путь», у якой апавядаецца пра трагічныя падзеі, што адбыліся ў Беларусі да і пасля прэзідэнцкіх выбараў. «Гэтая песня — замест яго апошняга слова ў судзе», — пішуць пра яе калегі блогера. Пра што гаварыў Ціханоўскі ў зале судовага пасяджэння?

Віктар: Песня — гэта тое, што могуць пачуць людзі. У судзе песень не было, але ён не маўчаў. Апошняе слова ў судзе па законе часам не абмежаванае, і Сяргей гаварыў яго на працягу працоўнага дня. Увесь яго выступ быў накіраваны на абгрунтаванне пазіцыі.

— Пасля прысуду на «Спутніку» з'явілася інфармацыя, быццам Святлана Ціханоўская «не кантактуе з абаронай і не цікавілася далейшымі перспектывамі працэсу». А як на самой справе? Ці ёсць у вас сувязь са сваякамі Сяргея?

Віктар: «Спутнік» занадта вольна інтэрпрэтаваў мае словы пра тое, што мы са Святланай не размаўлялі пра прысуд. Я настойліва прасіў журналістку выправіць публікацыю.

І сапраўды, які сэнс нам са Святланай абмяркоўваць гэты прысуд? Яна выказала сваё стаўленне да яго публічна, я заявіў пра намер яго абскардзіць.

Далейшыя крокі абароны відавочныя: мы павінны прайсці апеляцыйнае абскарджванне, што цяпер і робіцца, а потым ёсць падставы і планы падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавека. Гэты прысуд трэба аспрэчваць, пакуль ён не будзе скасаваны.

А тое, якім чынам мы са Святланай камунікуем пра Сяргея, пачуцці і перажыванні, я лічу, не для СМІ. Што да побыту, перадач, з маці майго падабароннага я таксама на сувязі.

— Як трымаўся Сяргей у часе ўсяго працэсу? Як бавіў час? Ці сачыў за навінамі, як на іх рэагаваў? Што чытаў? Магчыма, яго зачапілі нейкія лісты, якія яму пісалі?

Наталля: З самага пачатку працэсу мы былі настроены сур'ёзна: нават калі нас не пачуюць, трэба гаварыць. Гаварыць моваю праўды і права, выкарыстоўваць для гэтага працэсуальныя магчымасці. Так Сяргей і трымаўся: спакойна і ўпэўнена выказваў сваю пазіцыю, хоць падстаў для эмоцый хапала.

Трэба сказаць, што судовы працэс, які праходзіў практычна штодня на працягу некалькіх месяцаў, — падзея досыць утомная, каб адначасова займацца чымсьці яшчэ. У нас была магчымасць у перапынках перакінуцца некалькімі словамі пра бягучыя справы.

Як ён рэагуе на навіны? Як і мы ўсе. Нягледзячы на паўтарагадовую ізаляцыю, Сяргей, як камертон, адгукаецца на ўсё хутка і дакладна. Ён працягвае чытаць кнігі з бібліятэкі СІЗА. Перадаць або замовіць яму новыя кнігі ў СІЗА-3 пакуль не ўдавалася.

Піша вершы. Стараўся адказваць на ўсе лісты. Асабліва натхнялі тыя, якія пра літаратуру, у якіх добрыя навіны і падтрымка. У цеснай і цёмнай камеры, дзе ён адзін, гэта вельмі важна.