У чацвер выйдзе першая частка дзіцячай аўдыёкнігі палітвязня Андрэя Скурко (відэатызер)

Паслязаўтра чакаецца выхад аўдыёкнігі палітзняволенага журналіста «Наша Нівы» Андрэя Скурко. Ад самага свайго затрымання ў ліпені ён піша за кратамі дасціпныя вершы для дзяцей, якія потым дасылае на волю. Да канца года набралося акурат на першы цыкл.

269726833_5037068122991473_7466494792258987026_n.jpg

Пра выхад першай часткі аўдыёкнігі Андрэя Скурко паведаміла ў фэйсбуку жонка журналіста Паўліна.

«Большасць вершыкаў ён напісаў у турме,напісалаПаўліна Скурко. — Чытаюць [вершы] найлепшыя нашы артысты».

Да выхаду аудыёкнігі прымеркаваны адмысловы тызер у «Ютубе», дзе вершы Андрэя Скурко гучаць галасамі народных артыстаў Беларусі Зоі Белахвосцік і Аляксандра Падабеда, маладых актораў Ірыны Якавец і Арсенія Гардзіенкі.

Поўная версія першай часткі з'явіцца на you-tube-канале «Бэйбус» 23 снежня а 19-й гадзіне.

Усяго ж аўдыёкніга змесціць у сабе 55 твораў «для маленькіх і сівенькіх», з іх 23 снежня будзе прэзентавана 10.

Андрэй Скурко — кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы», аўтар часопіса «Наша гісторыя». З 2006-га па 2017-ы быў галоўным рэдактарам выдання.

Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. Пазней яму і галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Ягору Марціновічу прад'явілі абвінавачанні па ч. 2 арт. 216 КК («Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу»). Сэнс прэтэнзій у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшкання была па тарыфах для фізічных асоб, а трэба было плаціць па тарыфах для юрыдычных асоб. Следчыя налічылі, што за чатыры гады прадпрыемству «Мінэнерга» была нанесена шкода ў 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства з прэтэнзіямі ніколі не звярталася.