Амбасады Германіі і Швецыі падтрымалі беларускіх палітвязняў перад Калядамі
Амбасада Германіі ў Мінску адправіла да Калядаў лісты 35 беларускім палітвязням.
«З болем усведамляем, што ў сямейныя святы Калядаў і Новага году ў многіх беларускіх сем’ях за сталамі застанецца вольнае крэсла — месца бацькі, сына ці сябра, затрыманых з палітычных прычын», — напісалі на старонцы дыпмісіі ў Facebook, перадае «Радыё Свабода».
У амбасадзе спадзяюцца, што дасланыя 35 лістоў у калоніі і следчыя ізалятары падораць зняволеным «крыху сіл і надзеі», бо выказваюць спагаду нямецкіх дыпламатаў да лёсу больш за 900 палітвязняў.
Амбасада падкрэсліла, што ўрад Германіі патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітзняволеных у Беларусі.
Да акцыі салідарнасці з вязнямі рэжыму далучылася і амбасада Швецыі ў Мінску.
«Гісторыя кожнага зняволенага — красамоўнае сведчанне крызіснай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», — адзначаецца на старонцы дыпмісіі ў Facebook.
Перад Калядамі шведскія дыпламаты павіншавалі асуджаных Міколу Статкевіча, Леаніда Судаленку, Ірыну Шчасную, Яўгена Афнагеля, Максіма Вінярскага, Соф'ю Малашэвіч, Андрэя Скурко, Вольгу Класкоўскую ды іншых палітвязняў.