«Як у сталінскія часы»: нямецкія СМІ пра прысуд Ціханоўскаму

СМІ ФРГ абураныя прысудам беларускаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму. Яны параўноўваюць тое, што адбылося са сталінскімі працэсамі, і заклікаюць Захад узмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.

cf305220_337f_4d01_9f23_5819d1c44339_w1597_n_r0_st_925x650.jpg


18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму — такі прысуд суд у Гомелі вынес блогеру Сяргею Ціханоўскаму, мужу лідара беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Вердыкт рэзка раскрытыкавалі ва ўрадзе Германіі. Міністр замежных спраў ФРГ Аналена Бербок назвала рашэнне скандальным і заклікала Мінск безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных. Як на навіну пра прысуд Ціханоўскаму адрэгавалі нямецкія СМІ, высветліла DW.


Прысуд Ціханоўскаму — «як у сталінскія часы»

Судовы працэс супраць Сяргея Ціханоўскага «нагадвае пра змрочныя часы сталінізму», піша ў газеце Frankfurter Rundschau журналіст Ян Эмендэрфер (Jan Emendörfer), які спецыялізуецца на асвятленні падзей ва Усходняй Еўропе і Расіі.

«Дыктатар Лукашэнка працягвае сваю кампанію помсты беларускаму супраціву. Прысудам Сяргею Ціханоўскаму і пяці яго паплечнікам Лукашэнкі хоча прымусіць замаўчаць усю беларускую апазіцыю», — заўважае ён.

Мера пакарання, мяркуе Эмендэрфер, «мяркуючы па ўсім, была вызначана ўжо загадзя — як і ў самыя змрочныя сталінскія часы. Адзінай задачай “суда” было сканструяваць “правапарушэнне”, якое належыць асудзіць».

Па ацэнцы аўтара, у Беларусі «зноў можна было назіраць дзяржаўнае прававое свавольства, уласцівае таталітарным рэжымам». «Ціханоўскі выступаў за дэмакратыю, свабодныя выбары, свабоду слова і прэсы, і гэта не можа быць злачынствам», — падкрэслівае Эмендэрфер.


Беларусь — «разбойніцкая дзяржава», ЕС павінен узмацніць ціск на рэжым

Рэжым Лукашэнкі зрабіў Беларусь «разбойніцкай дзяржавай», краінай-ізгоем, піша журналіст газеты Die Welt, прэзідэнт нямецкага ПЭН-цэнтра Дэніз Юджэл (Deniz Yücel), які заклікае дэмакратычныя краіны ўзмацніць ціск на Мінск.

«Нядаўна Еўрасаюз пашырыў санкцыі супраць Беларусі ў адказ на спробу цынічнага шантажу (маецца на ўвазе сітуацыя з мігрантамі на мяжы Беларусі і Польшчы. — DW). Цяпер жорсткае падаўленне апазіцыі павінна паслужыць дастатковай прычынай для таго, каб пусціць у ход усе сродкі супраць рэжыму: узмацніць эканамічны і палітычны ціск, ізаляваць яго, падвергнуць астракізму», — піша аўтар каментара.

Пры гэтым, мяркуе Юджэл, пераслед апазіцыі ў Беларусі вядзецца з адабрэння і пры падтрымцы Расіі: «Трэба зыходзіць з таго, што рэжым Лукашэнкі, у вышэйшай ступені залежны ад свайго вялікага суседа, прадпрымае крокі супраць апазіцыйных палітыкаў, журналістаў і праваабаронцаў толькі з адабрэння свайго апекуна — аўтакратычнай Расіі Уладзіміра Пуціна». Па гэтай прычыне, лічыць журналіст, Захад у сувязі з сітуацыяй у Беларусі павінен узмацніць ціск на Расію.

«Рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой «разбойніцкую дзяржаву» ў цэнтры Еўропы 21 стагоддзя. Менавіта так і трэба з ім стасавацца», — так аўтар падсумоўвае свой артыкул.

58034282_303.jpg

Абвінавачванні супраць Ціханоўскага хлуслівыя, як і вынікі выбараў 2020 года

Абвінавачванні беларускай юстыцыі, прад'яўленыя Сяргею Ціханоўскаму, гэтак жа хлуслівыя, як і афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, паводле якіх Лукашэнка набраў 80 адсоткаў галасоў, піша аглядальнік Frankfurter Allgemeine Zeitung Райнхард Фезер (Reinhard Veser).

«Парушэнне грамадскага парадку», у якім, апроч іншага, абвінавачваюць Ціханоўскага, складаецца выключна ў тым, што ён скарыстаўся сваімі асноўнымі дэмакратычнымі правамі. «Злачынства», за якое яго прысудзілі да 18 гадоў калоніі строгага рэжыму, — спроба балатавацца ў прэзідэнты. «Правапарушэнне» яшчэ пяці чалавек, якіх прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам ад 14 да 16 гадоў, складаецца толькі ў тым, што яны яго падтрымлівалі, паказвае журналіст.

Паводле ацэнкі Фезера, прысуд Ціханоўскаму быў вынесены з мэтай адпомсціць яго жонцы Святлане Ціханоўскай. Гэты вердыкт — самы суровы, але таксама важна звярнуць увагу і на многіх іншых, менш вядомых ахвяр рэжыму. «З імі жорстка абыходзяцца ў турмах, многіх вымушаюць рабіць зневажальныя самаабвінавачанні перад камерамі, — нагадвае аглядальнік. — Імёны многіх паліцэйскіх, суддзяў, пракурораў і прапагандыстаў, якія здзяйсняюць гэтыя злачынствы, вядомыя. Іх дзеянні трэба добра задакументаваць ужо цяпер, каб пасля падзення дыктатуры можна было адразу прыцягнуць іх да суду».