Германія вышле двух дыпламатаў РФ з-за справы аб забойстве былога чачэнскага палявога камандзіра
Пасля вынясення ў Берліне прысуду па справе аб забойстве ў парку Тыргартэн урад Германіі абвясціў двух дыпламатаў амбасады Расіі ў ФРГ персонамі нон грата, піша «Deutsche Welle».
![flag_germaniya_1.jpg flag_germaniya_1.jpg](/img/v1/images/flag_germaniya_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Гэтае забойства па замове дзяржавы з'яўляецца грубым парушэннем норм германскага права і суверэнітэту Федэратыўнай Рэспублікі Германія, — заявіла кіраўніца МЗС ФРГ Аналена Бербак.
Яна паведаміла, што выклікала расійскага амбасадара і абвясціла яму аб высылцы двух супрацоўнікаў расійскага пасольства. Бербак таксама адзначыла, што тое, што здарылася, моцна абцяжарыла адкрыты і празрысты дыялог з Расіяй.
Раней суд у Берліне прысудзіў да пажыццёвага зняволення расійскага грамадзяніна Вадзіма Красікава па абвінавачанні ў тым, што той у жніўні 2019 года забіў у берлінскім парку Тыргартэн па замове расійскай дзяржавы былога чачэнскага палявога камандзіра Зэлімхана Хангашвілі.