Кіраўнік МЗС ФРГ назвала скандальным прысуд Ціханоўскаму
Беларускі блогер Сяргей Ціханоўскі быў прысуджаны судом у Гомелі да 18 гадоў турмы. Аналена Бербок раскрытыкавала гэты вердыкт і запатрабавала неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у Беларусі, паведамляе www.dw.com.
Міністр замежных спраў Германіі Аналена Бербок выступіла з рэзкай крытыкай прысуду, вынесенага беларускаму блогеру і палітвязню Сяргею Ціханоўскаму. На прэс-канферэнцыі падчас візіту ў Стакгольм у аўторак, 14 снежня, кіраўнік германскага знешнепалітычнага ведамства заявіла, што "прыняла да ведама скандальныя прысуды" Ціханоўскаму і іншым беларускім апазіцыянерам.
"Я хачу паўтарыць наша патрабаванне аб неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх палітвязняў", — сказала Бербок і адзначыла непахісную падтрымку Германіяй грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Нагадаем, сёння, 14 снежня, Гомельскі абласны суд прысудзіў Ціханоўскага да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яшчэ пяць фігурантаў "справы Ціханоўскага" — Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Арцём Сакаў, Уладзімір Цыгановіч і Дзмітрый Папоў — атрымалі ад 14 да 16 гадоў турмы.