Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 10 чалавек. Цяпер іх 929
Паводле праваабаронцаў, усе 10 новых палітвязняў былі асуджаныя па па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў.
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
Андрэй Тарановіч асуджаны судом Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўным сімвалам (парваў сцяг) да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Руслан Шыла асуджаны судом Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 370 КК за здзек над дзяржаўным сімвалам (парваў сцяг) да 1 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Сяргей Дубік узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 369 Крымінальнага кодэксу і па арт. 367 КК за абразу прадстаўніка ўлады і паклёп на Аляксандра Лукашэнку;
Аліна Забаштанская ўзята пад варту па арт. 130 Крымінальнага кодэксу за каментары ў сацыяльных сетках у сувязі з перастрэлкай, падчас якой загінулі А.Зельцэр і супрацоўнік КДБ;
Віталь Бойка асуджаны судом Жабінскага раёна Брэсцкай вобласці па арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), 368 КК (Абраза прэзідэнта) да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання;
Аляксандр Сяліцкі асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў і трох месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Аляксандр Пачкоўскі асуджаны судом Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці на 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму па арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі;
Яўген Пак узяты пад варту па абвінавачванні па арт. 368 Крымінальнага кодэксу за абразу Аляксандра Лукашэнкі;
Аляксандр Касьянчук асуджаны судом Лідскага раёна Гродзенскай вобласці па арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта) да двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
Аляксей Лой асуджаны судом Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці на 6 месяцаў «хатняй хіміі» за абразу сцяга (арт. 370 Крымінальнага кодэксу), у апеляцыйным парадку прысуд зменены на год абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, накіраваны для адбыцця пакарання.
Праваабарончая супольнасць лічыць пераслед гэтых людзей і пазбаўленне волі палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым выказваецца патрабаванне іх вызвалення, спынення іх крымінальнага пераследу і Прыняцця захадаў, скіраваных на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта — арт. 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Таксама патрабуецца неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.