Справу палітвязня Аляксандра Івуліна накіравалі ў суд
Пра тое, што справу палітвязня, футбаліста «Крумкачоў» і спартовага журналіста Аляксандра Івуліна накіравалі ў суд, паведамляе Генпракуратура.

Аляксандру інкрымінаваныя «арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемства».
Згодна з матэрыяламі справы, палітвязень 23 жніўня і 27 верасня 2020 года з іншымі асобамі рухаўся па праезнай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава ў Мінску, блакаваў рух транспарту.
Таксама Генпракуратура паведамляе, што «30-гадовы мужчына, які раней працаваў журналістам спартыўнага выдання», на хостынгу YouTube размяшчаў відэаролікі пабуджальнага характару, каб стварыць негатыўную ацэнку ўлады і дыскрэдытаваць палітычнае і сацыяльнае становішча ў Беларусі.