15 штук на дзень. Юрыст Максім Знак напісаў з турмы 7 тысяч лістоў

Максім Знак ставіць рэкорды па напісанні лістоў з-за кратаў. Невядома, ці нехта яшчэ са зняволеных даслаў больш вестачак на волю.

Максім Знак і Маша Калеснікава

Максім Знак і Маша Калеснікава


Ён часта піша свае пасланні на паштоўках, яны кароткія, ёмістыя па змесце, быццам прымаўкі, і зазвычай пазітыўныя, піша Радыё Свабода са спасылкай на паведамленне ў Facebook бацькі палітвязня Аляксандра Знака.

«Мяне засмучае ваш песімізм. Новы год будзем сустракаць разам! Заўваж, я не ўдакладняю ў якім годзе, але годзе сумаваць (ах, якая гульня годзе-годзе), і лічыць, што сустрэну на этапе. А калі так, то ў падарожжы жыць — шчасце. Як сустрэнеш, так і правядзеш. Лепей у падарожжы, чым у склепе, а яшчэ лепей на свабодзе», — напісаў у адным з апошніх лістоў сваякам Максім.

Знак знаходзіцца за кратамі 462 дні, з 9 верасня 2020 года. Атрымліваецца, што ён пісаў у сярэднім па 15 лістоў на дзень.

Палітвязень ставіць рэкорды таксама і па колькасці прачытаных кніг. На 10 лістапада ён прачытаў 300 кніг. Гэта значыць, што ён чытае адну кнігу ў сярэднім за паўтары дні. Сярод апошніх — «Радзіва Прудок» Горвата, «Мужчыны з Марсу, жанчыны з Вэнэры» Грэя, «Круты маршрут» Гінзбург, творы Муракамі.

Максім Знак — адвакат, чалец Каардынацыйнай рады, паэт, музыкант, спартовец, трыятланіст. Яго затрымалі 9 верасня 2020 года. У закрытым рэжыме асудзілі на 10 гадоў калоніі за тое, што нібыта «заклікаў нашкодзіць нацыянальнай бяспецы Беларусі», «хацеў захапіць уладу ў краіне», а таксама быццам бы «стварыў экстрэмісцкае фармаванне».

Максім сядзіць на «Валадарцы», 24 снежня Вярхоўны суд павінен разглядзець апеляцыю на яго вырак. Пасля разгляду яго чакае этап у калонію.

Напісаць яму ліст можна па адрасе: СІЗА №1, 220030, Мінск, вуліца Валадарскага, 2а, Знаку Максіму Аляксандравічу.