ЕС «рашуча асуджае» прысуды Ціханоўскаму, Статкевічу і іншым палітвязням
ЕС "рашуча асуджае" прысуды Сяргею Ціханоўскаму, Мікалаю Статкевічу і іншым беларускім палітвязням.
![Асуджаныя беларускія палітвязні / twitter.com Асуджаныя беларускія палітвязні / twitter.com](/img/v1/images/fgkmpubxmaaoo6l__1_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Асуджаныя беларускія палітвязні / twitter.com
З заявай выступіў прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана. Паводле яго слоў, прысуды "з'яўляюцца часткай жорсткіх і сістэматычных рэпрэсій супраць усіх незалежных галасоў у Беларусі". Брусель асуджае "працяглыя грубыя парушэнні мінскім рэжымам правоў чалавека і асноўных свабод".
"ЕС паўтарае сваё патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных", — падкрэслівае Стана.
У Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў нагадваюць, што ў Беларусі налічваецца больш за 900 палітвязняў, і іх колькасць расце. А таксама што многія з іх "падвяргаюцца катаванням і жорсткаму абыходжанню". У Бруселі адзначаюць, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пагаршаецца, рэпрэсіі пашыраюцца, а значыць афіцыйнаму Мінску пагражаюць новыя санкцыі.
14 снежня ў Гомелі Сяргей Ціханоўскі быў асуджаны на 18 гадоў узмоцненага рэжыму, Мікалай Статкевіч — на 14 гадоў, Ігар Лосік і Уладзімір Цыгановіч атрымалі па 15 гадоў, Арцём Сакаў і Дзмітрый Папоў — па 16 гадоў.
Прысуд асуджае і МЗС Нарвегіі.
Паводле euroradio.fm