Анатоль Лябедзька: «Ціханоўскі — гэта асабістая крыўда»
Апазіцыйны палітык выказаўся пра жорсткія прысуды ў чарговы чорны дзень для Беларусі.
У Гомелі вынесены прысуд па гучнай справе пасля выбараў 2020 года: Мікалай Статкевіч атрымаў 14 гадоў калоніі, Ігар Лосік, Уладзімір Цыгановіч — па 15 гадоў, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў — па 16 гадоў, Сяргей Ціханоўскі — 18.
— Для мяне тут няма ніякіх нечаканасцяў. Ціханоўскі — гэта асабістая крыўда, — пракаментаваў «Филину» змрочныя падзеі дня Анатоль Лябедзька. — Ён наступіў на той мазоль, які вельмі важны для Лукашэнкі.
Ціханоўскі не проста кінуў выклік — ён адкусіў той электарат, які Лукашэнка лічыў сваім, і дзякуючы якому ён прыйшоў да ўлады.
Таксама прысуды выглядаюць як прышчэпка для людзей з амбіцыямі. Прышчэпка ў тым сэнсе, каб, калі яны пачуюць слова "выбары", не было ніякай спакусы ў іх удзельнічаць.
Гэтымі тэрмінамі Лукашэнка падпісвае прысуд і сабе. Гэта яскрава сведчыць, што ў яго няма падтрымкі ў грамадстве, і ён не выглядае пераможцам.
Гэта і помста, і пасланне нікому не ўдзельнічаць у выбарах.
Прысуд Ціханоўскаму — гэта камбінаваны прысуд. Таму што ён не толькі Сяргею, але і Святлане. Вядома, і для жонкі, і для дзяцей усё гэта гучыць вельмі балюча.
Я не сумняваюся, што ўсе асуджаныя выйдуць на волю значна раней. Гэта вар'яцкія прысуды, ніяк не звязаныя з рэальнымі дзеяннямі.