У Гомелі перад прысудам па «справе Ціханоўскага» затрымалі 71-гадовага журналіста Анатоля Гатоўчыца
Пра затрыманне «Свабодзе» паведаміла жонка Анатоля Гатоўчыца Марыя.
Паводле яе
слоў, Анатоля Гатоўчыца затрымалі каля ізалятару, дзе праходзіў суд над Сяргеем
Ціханоўскім ды іншымі фігурантамі справы.
«Толя
пайшоў туды недзе каля 10 раніцы і раптам пазваніў. Сказаў, што яго затрымалі і
вязуць меркавана ў суд, нібыта за маску з надпісам «За свабодныя выбары». І на
гэтых словах званок прыпыніўся. Дзе ён цяпер, не ведаю», — расказала жонка
Гатоўчыца Марыя.
Анатолю
Гатоўчыцу 71 год. Ён шмат працаваў на «Радыё Свабода», апошнім часам
супрацоўнічаў з газетай «Народная воля». У 2018 годзе Анатолю Гатоўчыцу зрабілі
некалькі анкалагічных аперацый.
«Але для іх
ані ўзрост, ані стан здароўя не перашкода», — сказала пра затрыманне мужа
Марыя.
А 18-й
гадзіне стала вядома, што Гатоўчыца ужо выпусцілі, пакараўшы штрафам у 20
базавых велічынь (580 рублёў).
Сёння міліцыя прыязджала да гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай — прапанавалі праехаць з імі. Але яна не згадзілася, бо на самаізаляцыі з каронавірусам. І ўжо 5 гадзін не выходзіць на сувязь гомельскі журналіст Яўген Меркіс.