«Перадача — раз на год, медычная дапамога — з разраду фантастыкі». Чым адрозніваюцца турэмныя рэжымы

 Чым адрозніваюцца калоніі ўзмоцненага і асаблівага рэжыму — разбіралася «Свабода».


14 снежня Гомельскі абласны суд вынес прысуды Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Уладзіміру Цыгановічу, Міколу Статкевічу і Ігару Лосіку.

Папоў і Сакаў атрымалі па 16 гадоў пазбаўлення волі, Лосік і Цыгановіч — па 15 гадоў калоніі, Статкевіч — 14, Ціханоўскі — 18 гадоў.

Усе абвінавачаныя, апроч Статкевіча, будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Статкевіч — асаблівага рэжыму.

У Беларусі адна калонія асаблівага рэжыму — у Глыбокім. Яна лічыцца адной з самых суворых у Беларусі. Але там сядзяць не толькі тыя, хто атрымаў асаблівы рэжым. Напрыклад, былы палітвязень Аляксей Раманаў атрымаў на судзе «агульны рэжым», але адбываў пакаранне ў Глыбокім.

Якія адметнасці мае асаблівы рэжым?

Паводле заканадаўства, асуджаныя на асаблівы рэжым маюць права на

— «атаварку» на суму трох базавых велічынь у месяц (цяпер гэта 87 рублёў). Разам з тым адміністрацыя калоніі за парушэньні можа пазбавіць «атаваркі».

— два кароткатэрміновыя і адно доўгатэрміновае спатканні на працягу году. Але гэтая норма таксама «рэгулюецца» адміністрацыяй калоніі.

— адну пасылку або перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу году.

— асуджаным ва ўмовах асаблівага рэжыму, якія змяшчаюцца ў памяшканнях камернага тыпу, дазваляецца мець штодзённую прагулку працягласцю да 2 гадзін.

Як на практыцы выконваецца заканадаўства на асаблівым рэжыме?

Калоніі бываюць агульнага, узмоцненага, строгага і асаблівага рэжыму. Калі абвінавачаны здзяйсняе парушэнні на асаблівым рэжыме — яго могуць перавесці ў «крытую» турму. Так здарылася з палітвязнем Сяргеем Верашчагіным. Яго моцна збіла міліцыя пасля затрымання ў Гомелі. У калоніі ў Глыбокім ягоны стан пагоршыўся. Сяргей скардзіўся, што яму не аказваюць медыцынскую дапамогу. За гэта яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а затым увогуле перавялі ў «крытую» турму ў Горадні.

«У Глыбокім ёсць такая лекарка. Яна замест дапамогі адпраўляе людзей у ШІЗА. Так было і з Верашчагіным. Калі ён паскардзіўся на стан здароўя, яна сказала канвойным: «Гэтага — у ШІЗА, ён мне надакучыў!» — расказаў Свабодзе беларус, які нядаўна вызваліўся з калоніі ў Глыбокім.

«Там наогул бяда — „аварыйнасць“ вельмі высокая. Я маю на ўвазе бяспеку працы. Людзі вялізнымі кувалдамі разбіваюць электраматоры на працы. І тая кувалда можа адляцець каму ў галаву, каму ў нагу. Там людзі і зубы сабе выбілі, і сківіцы зламалі, і ногі паадбівалі», — кажа былы вязень.

На асаблівым рэжыме людзі жывуць не ў «атрадах», а ў камерах.

«Там невыносныя ўмовы. На 30 чалавек — адна прыбіральня і адзін умывальнік. Калі нават усім даць па пяць хвілін, каб памыцца, гэта 160 хвілін. Адміністрацыя калоніі ставіцца вельмі жорстка да самай малой неахайнасці. То-бок ты павінен быць паголены, гузікі каб былі зашпіленыя... Я падымаўся а чацвёртай раніцы, каб падагрэць ваду і пагаліцца», — расказваў Свабодзе летась былы асуджаны.

З яго назіранняў, ёсць «нармальныя» і ў адміністрацыі калоніі, і сам начальнік, і яго намеснік.

«Між тым ёсць такія сярод прадстаўнікоў „рэжыму“, што проста неадэкватныя людзі! Я лічу, што там павінны працаваць у калоніях псіхолагі, і яны ж павінны падбіраць „рэжымных“. Некаторыя з іх робяць усё, каб азлабляць людзей! Ці значнасць сваю хочуць паказаць, ці што. Можна ж даць чалавеку выправіцца — што там, скажам, гузік не зашпіліў, а яны караюць жорстка за гэта. Асабліва калі нечым не спадабаўся чалавек. Такое адчуванне, ці ў іх сяброў няма, ці іх крыўдзілі ў дзяцінстве, і цяпер яны ў калоніі шукаюць сваю значнасць і выкідаюць свой негатыў на асуджаных. Вось я такі важны, магу рабіць што хачу, і нічога мне за гэта не будзе. Бо мы па-за законам, а яны ў законе. Калі нехта з асуджаных паспрабуе недзе паскардзіцца, ён трапіць у такі негатыў, у такую апалу! Да таго, што яго змогуць „раскруціць“ і адправіць у „крытую“ турму. Што хочаш могуць зрабіць. Людзі праз іх губляюць сэнс жыцця і хоць якую надзею», — расказваў Свабодзе былы вязень Глыбокага.

Людзі ў калоніі працуюць. Але заробкі могуць быць за месяц і 15 капеек. Вылічваюць у фонд калоніі, за харчаванне, у многіх могуць быць нявыплачаныя патрабаванні па пазове ці кампенсацыі шкоды. 

Якая розніца паміж рэжымамі?

Яны адрозніваюцца сумай грошай, якую асуджаны можа выдаткаваць у краме, колькасцю спатканняў са сваякамі, квотай на пасылкі і бандэролі.

Асуджаныя на пазбаўленне волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму маюць права:

— штомесяц расходаваць на набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці сродкі са сваіх асабовых рахункаў у памеры пяці базавых велічынь,

— мець тры кароткатэрміновыя і два працяглыя спатканні на працягу году,

— атрымліваць тры пасылкі або перадачы і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты на працягу году.

На агульны рэжым трапляюць тыя, хто асуджаны першы раз і не па цяжкім злачынстве. Яны маюць больш перадач, спатканняў, «атаваркі», чым на ўзмоцненым, строгім ці асаблівым рэжыме. Таксама людзі на агульным рэжыме могуць выйсці паводле «ўмоўна-датэрміновага» вызвалення, адбыўшы нават адну трэцюю тэрміна. Справа разглядаецца на адмысловай камісіі. На агульным рэжыме пасылкі можна атрымліваць раз на тры месяцы.

На ўзмоцненым рэжыме сядзяць тыя, хто зрабіў злачынства паўторна, або першы раз, але з катэгорыі цяжкіх. Яны маюць менш перадач, спатканняў. На «ўмоўна-датэрміновае» вызваленне яны могуць прэтэндаваць тады, калі адбудуць тры чвэрці тэрміну.

Хоць на ўзмоцненым рэжыме можна выйсці «ўмоўна-датэрмінова» пасля адбыцця ¾ тэрміну, адміністрацыя калоніі можа зафіксаваць два парушэнні — і тады чалавек не выйдзе раней за прызначаны тэрмін.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: