1000 дзён Мікалай Статкевіч за кратамі

Чалавек, які ўсё жыцьцё прысьвяціў змаганьню за нашую свабоду, у чарговы раз асабіста пазбаўлены яе. Безьліч гадоў у зьняволеньні, на прымусовых працах не зламалі чалавека з жалеза. Мы падрыхтавалі падборку яскравых і палымяных цытатаў Міколая Статкевіча.

Фота Паўла Хадзінскага

Фота Паўла Хадзінскага

2010 год. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, у якіх Мікола Статкевіч зьяўляўся кандыдатам на гэтую пасаду. Пасьля атрыманьня пасьведчаньня ён заявіў:

На жаль, выбары пераўтвораны ў цырк, у балаган, альтэрнатыўным кандыдатам прыгатаваная роля клоўнаў. Я не буду клоўнам у гэтым балагане, я буду ламаць гэты балаган, я буду рабіць усё магчымае, каб у Беларусі былі рэальныя выбары. Або няхай гэтая ўлада дае свабодныя выбары, або гэтыя выбары дасьць ужо іншая ўлада. Я буду карыстацца статусам кандыдата, правамі і магчымасьцямі з тым, каб распавесьці людзям, што ў нас праводзіцца замест выбараў, заклікаць іх да супраціву. Каб заклікаць грамадзянаў не хадзіць на датэрміновае галасаваньне, каб заклікаць іх вылучацца назіральнікамі ў выбарчыя камісіі, каб заклікаць іх, у рэшце, выходзіць на вуліцу. 

_dsc9459_logo_1.jpg

2010 год. Зварот да Лукашэнкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў:

Правядзі выбары сумленна. Гэта толькі ад цябе залежыць, а не ад гэтых блазнаў з тыпу парлямэнту і тыпу ЦВК. Выйграеш сумленна — і мы прызнаем цябе прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, а не самазванцам. Прайграеш сумленна — будзе ганаровая пэнсія. Але, вядома, калі ня будзе доказаў, што гэта ты аддаў каманду выкрасьці, катаваць і забіць сваіх былых сяброў Захаранку і Ганчара. Маці і дзеці забітых таксама маюць права на справядлівасьць. А можа, ты таму і за ўладу так чапляешся, што ты ў гэтым замяшаны? Вярні, што скраў! Вярні нам выбары! 

_dsc4280_logo_1.jpg

2010 год. Мікола Статкевіч каментуе сітуацыю, калі ў краіне ёсьць палітвязьні:

Прымусіць уладу пайсьці на саступкі можа толькі дрэнны стан беларускай эканомікі. Наяўная беларуская эканамічная мадэль не самадастатковая: патрэбныя грошы, крэдыты. Калі багатыя донары, — а гэта, як правіла, дэмакратычныя краіны, — будуць ставіць пытаньні прынцыпова, то палітвязьняў вызваляць. Але карэнным чынам гэтае пытаньне не вырашыцца, таму што пасадзяць новых. Хаця б некалькі чалавек павінны сядзець — каб дзевяць з паловай мільёнаў баяліся. 

_dsc4305_logo_1.jpg

2010 год. Статкевіч выказваўся адносна заробкаў, рэформаў і пэнсіянэраў:

Нашы суседзі ў значна больш складаных сітуацыях правялі рэформы — і жыць там стала лепш. Калі адкінуць у бок гэтыя страшылкі беларускага тэлебачаньня, якое прыдумляе праблемы ў суседніх краінах і абмінае ва ўласнай, то я прыводжу такі прыклад: польскія пэнсіянэры ўжо засвойваюць адпачынак — звычайныя пэнсіянэры, у Гішпаніі, у Эгіпце. А нашы ўсё думаюць пра кавалачак хлеба, малачка і каб за кватэру неяк заплаціць. І то добра — абы вайны не было. Усё ж такі сьвет пайшоў наперад, ён вельмі хутка зьмяняецца, запатрабаваньні людзей значна выраслі, а мы жывем катэгорыямі канца мінулай вайны. 

_dsc8914_logo_1_logo_1.jpg

2013 год. Палітык за кратамі, а на волі ўжо плянуюцца чарговыя выбары прэзідэнта. Статкевіч пракаментаваў гэта наступным чынам:

Радуюць зьвесткі, што некаторыя палітыкі ізноў пачалі адмаўляцца ад «байкоту» на карысьць удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі і нават хочуць быць «адзіным». Праўда, тут нельга ігнараваць патрабаваньні, што вылучае да яго наша сітуацыя. Да прыкладу, аднымі з самых разумных сабак лічацца пудзелі. Сярод іх бываюць і сьмелыя (у пэўных межах, безумоўна). Як Артамон з «Прыгодаў Бураціна». Але ж на ваўкоў трэба выпускаць ваўкадаваў, а не пудзеляў. 

_dsc3711_logo_1.jpg

2015 год. Пасьля вызваленьня Мікола Статкевіч апублікаваў пытаньне да той асобы, якая была адказная за рэпрэсіі:

Беларуская мова зьнікла з дзяржаўных установаў і ВНУ, колькасьць школьнікаў, якія навучаліся на ёй, зьменшылася ў дзясяткі разоў. Міліцыя арыштоўвала людзей, якія сьвяткуюць слаўныя даты нашай гісторыі, ці нават размаўляюць па-беларуску на вуліцы. Вы так ненавідзіце ўсё беларускае і нас, беларусаў, таму, што вы — не беларус? Вы русіфікавалі беларусаў, каб яны менш супраціўляліся здачы незалежнасьці нашай краіны Расеі? 

_dsc3666_logo_1.jpg

2015 год. Рэзкі зварот да Лукашэнкі адносна забітых палітыкаў:

У 1999-м годзе былі выкрадзеныя і забітыя шэраг дэмакратычных палітыкаў. Сярод іх — былы міністр МУС Юры Захаранка і старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. Гэтыя злачынствы ўчынілі вайскоўцы брыгады спецназа МУС. Паводле інфармацыі, якую я маю, яны былі ўпэўненыя, што выконваюць законнае судовае рашэньне, бо ім быў прад'яўлены «прысуд вярхоўнага сакрэтнага трыбунала», зацьверджаны пячаткай прэзідэнта РБ. Таксама, паводле маёй інфармацыі, арыгінал гэтай фальшыўкі захаваны асобай, якая мае дачыненьне да тых падзей. Скажыце, вы на самой справе выкарыстоўвалі наяўную толькі ў вашым распараджэньні пячатку, каб падманам прымусіць вайскоўцаў зьдзейсьніць забойствы вашых канкурэнтаў?

Тады, хто для вас вашыя падначаленыя — «расходны матэрыял», ад якога пасьля выкарыстаньня лёгка пазбавіцца? Ці згодны вы з тым, што забойцам зьяўляецца не толькі салдат, падманам вымушаны выканаць злачынны загад аб забойстве, але і, у большай ступені, той, хто аддаў гэты загад? Ці зьяўляецца ўся гэтая гісторыя адной з прычын, па якой вы імкнецеся любым коштам заставацца ўва ўладзе, каб не несьці адказнасьць за тое, што адбылося? 

_dsc4208_logo_1.jpg

2016 год. Мікола Статкевіч разважае аб тым, што ён зьяўляецца галоўным ворагам Лукашэнкі:

Калі Лукашэнка ў 2011 годзе прыехаў у Шклоў, меў там сустрэчы з кіраўніцтвам калёніі і ставіў там задачы асабіста па мне. І тады сказаў — усіх выпушчу, але гэты вораг дзяржавы нумар 1 будзе сядзець. І я думаю, што гэтая ацэнка не памянялася, — гэта відаць па выніках.

5 гадоў у Беларусі не было ніводнага мітынгу. Жанчыны — дзякуй ім — выходзілі каля касьцёла памаліцца. Але гэта ўсё. Гэта што такое? Калі казаць шчыра — чым займалася ўся апазыцыя? 

_dsc9153_logo_1.jpg

2016 год. Мікола апавядае пра сваё каханьне, пра Марыну Адамовіч:

Мы зь ёй, можна так сказаць, адной крыві. Мы глядзім на гэты сьвет аднолькава, што вельмі важна. Бо бывае, што людзі застаюцца самотнымі, нават калі жывуць разам. Але са мной побач ёсьць чалавек, які мае аднолькавыя каштоўнасьці, які гатовы мяне падтрымаць, калі мне гэта будзе трэба. І я гатовы яе падтрымаць. Гэта вельмі істотна. Гэта не юнацкія пачуцьці, гэта не проста жарсьці — гэта нешта большае, глыбокае. Мне з Марынай пашчасьціла. Я ёй удзячны за гэта. Я раней бы ў турме ніколі б так не адказаў, бо вельмі за яе баяўся.

2019 год. Статкевіч кажа пра Ўкраіну і прадказвае далейшыя падзеі.

У апошні час Лукашэнка спрабуе стаць міратворцам у вайне паміж Украінай і Расеяй. Такім чынам ён спрабуе атрымаць дадатковыя козыры ў гутарках з Пуціным, хоча паказаць яму свой уплыў, каб ён пакінуў Беларусі хаця б намінальную незалежнасьць. Нібыта незалежнае беларуская войска будзе выконваць міратворчую місію ў Данбасе.

Аднак насамрэч у беларускім войску палітык нумар адзін - гэта Уладзімер Пуцін. Таму што вайсковыя і сілавыя структуры выхоўваліся і надалей выхоўваюцца ў ідэалёгіі рускага сьвету. Яны выступаюць за інтэграцыю з Расеяй, больш вераць Пуціну, чым Лукашэнку.

Гэта бяда Беларусі, паколькі яе войска не развалілася, як гэта было з украінскім войскам у 2014 годзе, але яно не зьяўляецца беларускай. Таму я раіў бы не верыць Лукашэнку зь яго нібыта дапамогай Украіне міратворцамі. Паколькі вы можаце атрымаць вялікія праблемы. 

392466_319344108138147_100001876816404_768378_471125082_n.jpg

2021 год. Мікола Статкевіч зноў знаходзіцца за кратамі. Адтуль імкнецца паразважаць пра плён свайго жыцьця:

Напрыканцы жыцьця людзі, якія захавалі мысьленьне, задаюць сабе пытаньне: «Навошта я жыў?» Адказаць на яго будзе прасьцей, калі ты сваімі справамі зрабіў сьвет, хаця б вакол сябе, істотна лепшым. Гэтае «істотна» залежыць ад пачатковага стану і кошту, які ты заплаціў. Напрыклад, калі ты змагаўся за свабоду падняволенай краіны, рызыкаваў, цярпеў праз гэта, тады табе ўжо будзе чым апраўдаць сваё існаваньне на зямлі. 

_dsc8697_logo_1.jpg

2022 год. Словы Міколы Статкевіча, якія падтрымліваюць нас сёньня:

Беларускі народ ведае пра тое, што ён за перамены. Людзі прагнуць свабоды. Беларусы пераканаліся ў тым, што з сябе ўяўляе ўлада. Не думаю, што нелегітымны ў нашых і сусьветнай супольнасьці вачах, эканамічна не самадастатковы рэжым зможа захаваць кантроль цягам доўгага часу. Беларусам, якія працягваюць барацьбу, зычу годнасьці і волі!