Ад 11 да 15 гадоў калоніі: дзесяць палітвязняў асудзілі па «справе Рабочага Руху»
У Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд па «справе Рабочага Руху». Усе палітвязні па справе не прызналі віны, паведамляюць праваабаронцы.

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by
Дзесяць палітзняволеных — Сяргей Шэлест, Уладзімір Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандр Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Аляксандр Капшуль — асуджаны на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і ўдзеле ў ім», а таксама па іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса. Усе асуджаныя сваёй віны не прызналі. Працэс больш за тры месяцы вёў суддзя Аляксандр Піскуноў, апошні месяц — у закрытым рэжыме. Пад вартай палітвязні ўтрымліваюцца каля года і пяці месяцаў.

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by
Якія тэрміны прызначылі палітвязням?
• Сяргей Шэлест паводле арт. 188 КК («Паклёп»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
• Уладзімір Жураўка паводле арт. 188 КК («Паклёп»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
• Андрэй Пагерыла паводле арт. 188 КК («Паклёп»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
• Ганна Аблаб паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 11 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
• Аляксандр Гашнікаў паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 14 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
• Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч і Сяргей Шамецька паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 12 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму; Ігару Мінцу — таксама штраф у памеры 100 базавых велічынь (3700 рублёў);
• Аляксандр Капшуль паводле ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі»), ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і ўдзел у ім») — 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічынь (7 400 рублёў).
Таксама ўсім прызначылі штрафы ад 100 да 500 базавых велічынь.
Усе 10 фігурантаў справы заявілі суду, што сваю віну ў «дзяржаўнай здрадзе» і «стварэнні экстрэмісцкага фарміравання» не прызнаюць. Толькі Андрэй Пагерыла пагадзіўся з адным з абвінавачанняў — у «паклёпе».

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by

У чым іх усіх абвінавацілі?
Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі «Рабочага руху» «ажыццяўлялі супрацьпраўную дзейнасць па зборы і наступнай перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыям, іх прадстаўнікам (у тым ліку спецслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненні да беларускіх суб'ектаў гаспадарання пра спосабы абыходу мер абмежавальнага характару (санкцый), а таксама пра механізмы процідзеяння такім спосабам». Паведамляецца, што некаторыя абвінавачаныя планавалі варыянты блакіравання вытворчасці на «Гродна Азот» і «БМЗ».
18 кастрычніка 2021 года, амаль праз месяц пасля затрымання фігурантаў справы, «Рабочы Рух» быў прызнаны экстрэмісцкім фарміраваннем — першым экстрэмісцкім фарміраваннем у Беларусі.
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 9 лютага 2022 года, на трэці месяц суда па «справе Рабочага Руху», разгледзелі скаргу на рашэнне Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь аб прызнанні групы грамадзян экстрэмісцкім фарміраваннем, забароне яго дзейнасці. Разгляд скаргі праходзіў у закрытым рэжыме, таму яго вынікі невядомыя. Але ў сувязі з тым, што палітвязняў абвінавацілі ў «стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні», можна меркаваць, што скарга была пакінута без задавальнення.

Як праходзіў суд?

Аляксандр Капшуль.
Судовы працэс распачаўся 9 лістапада ў Гомельскім абласным судзе. У справе 30 тамоў матэрыялаў. Сярод іх ёсць засакрэчаныя, якія вывучаліся ў закрытым рэжыме. На судзе ўсе палітвязні адмовіліся даваць паказанні да агучвання сакрэтнага тома, таму агучылі іх ранейшыя паказанні, якія яны давалі падчас следства ў КДБ. Тады допыты фіксавалі на відэа — яны дэманстраваліся ў зале суда.
На працэсе стала вядома, што Zoom-канферэнцыі запісваў супрацоўнік спецслужбаў — гэта з'яўляецца адным з галоўных доказаў па справе.
На працэсе агучылі падрабязнасці таго, як і хто ствараў і распаўсюджваў розныя ўлёткі ў перыяд 2020—2021 гадоў. Таксама зачыталі пратаколы допытаў абвінавачаных і сведак. На гэтым тыдні суд перайшоў да прагляду запісаў zoom-канферэнцый. На іх прысутнічалі ў тым ліку Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі яе штаба.
«Паказвалі, што на zoom-канферэнцыях больш за іншых выступала Аляксандра Логвінава, прадстаўніца штаба Ціханоўскай. Відавочна, нехта запісваў іх. Але наўрад ці агучаць, хто гэта быў. На zoom-канферэнцыях вельмі шмат балбатні, такое «ні пра што». Пакуль нейкіх радыкальных ідэй, у якіх абвінавачваюць «Рабочы Рух», не прагучала там. Але іх шмат, і праглядаць у судзе іх будуць яшчэ доўга. Абмяркоўвалі эканамічныя санкцыі і тое, як яны могуць паўплываць на працу буйных прадпрыемстваў», — расказала «Свабодзе» крыніца, якая была на пасяджэннях.

Суд па справе

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by
27 снежня працэс закрылі — да гэтага ён праходзіў у адкрытым рэжыме. На пачатку года стала вядома, што з 31 снежня Аляксандр абвясціў галадоўку супраць парушэння заканадаўства падчас яго ўтрымання ў гомельскім СІЗА. Галадоўка цягнецца да гэтага часу, пры гэтым першыя некалькі дзён ён трымаў сухую галадоўку. Вядома, што Аляксандра Капшуля 10 лютага змясцілі ў карцар СІЗА № 3.

Суд па справе «Рабочага Руху». Фота: gp.by
Як падтрымаць палітвязняў?
Фігурантаў справы можна падтрымаць грашовымі пераводамі, пасылкамі і лістамі на адрас: СІЗА-3, 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.