Хронікі рэпрэсій. У Беларусі не будзе «Шчаслівага дзяцінства», «экстрэмісцкай» прызнана песня «Экстрэміст»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 17 лютага.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


У Гродне затрымалі прадпрымальніка Андрэя Аліева. На відэа, запісаным сілавікамі, мужчына кажа, што нібыта пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама «прызнаецца» ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «П*рамога».

* * *

Праваабаронца Наста Лойка абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 («Арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях») і арт.130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці»).

Падставай для апошняга абвінавачвання стаў нібыта ўдзел Лойка ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год. У справаздачы дадзена крытычная ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, якую следчыя па справе Анастасіі кваліфікуюць як «распальванне варожасці» ў дачыненні да прафесійнай групы супрацоўнікаў міліцыі.

* * *

Гродзенскі абласны суд вынес прысуд па справе 31-гадовага палітвязня Кірыла Сусліна, якога затрымалі за каментары па «справе Зельцэра», а абвінавацілі па зусім іншых артыкулах КК. Судовы працэс, які пачаўся 6 лютага, вёў суддзя Віталь Кулеш.

Вядома, што Кірылу інкрымінавалі тры артыкулы КК: «заклікі да ўжывання абмежавальных мер (санкцый)»; «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»; «абраза Лукашэнкі».

Хлопцу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся, бо не лічыць сябе вінаватым. У выніку Сусліна асудзілі да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

* * *

Мінскі абласны суд просіць Валерыя Цапкалу прыехаць у Беларусь для суду над ім. Яму належыць з'явіцца ў 11 гадзін 1 сакавіка ў памяшканне Мінскага абласнога суда — там пачнецца разгляд яго справы. Паведамляецца, што Валерыю неабходна ўзяць з сабой дакумент, які сведчыць асобу.

* * *


* * *

17 лютага МУС у чарговы раз абнавіла «спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Акрамя іншых, у спіс «экстрэмістаў» дадаліся начальнік аддзела па сувязях з грамадскасцю кампаніі «А1» Мікалай Брэдзелеў і журналіст Алесь Любянчук.

* * *

Сілавікі затрымалі работніка адной са школ горада Рэчыца Гомельскай вобласці пасля стрыму ў чат-рулетцы з правакатарам Юрыем Комарам. Падчас стрыму Юрый Комар назваўся ўкраінцам і пацікавіўся ў беларуса яго стаўленнем да расійскай агрэсіі. Суразмоўца адказаў, што не падтрымлівае вайну і выказаў падтрымку ўкраінцам.

Праз некаторы час пасля стрыму ў кватэру жыхара Рэчыцы ўварваліся сілавікі. Мужчыну затрымалі, назвалі «нацыстам» і прымусілі зняцца ў «пакаянным» відэа.

Набліжаны да ГУБАЗіКа тэлеграм-канал у сваім допісе выказаў «вялікую падзяку» Комару за дапамогу ў затрыманні работніка школы.

Нагадаем, з 24 лістапада мінулага года ў сваім канале Юрый Комар пачаў выкладваць аднастайныя відэа, запісаныя падчас размоў у папулярным сэрвісе «Чат-рулетка». Размаўляючы з выпадковымі беларусамі, Комар выдае сябе за ўкраінца і імкнецца справакаваць іх на выказванні, якія могуць стварыць людзям праблемы з уладамі.

* * *

Мінюст патрабуе ліквідаваць грамадскае аб'яднанне «За шчаслівае дзяцінства». Гэта вынікае з раскладу Вярхоўнага Суда. Пасяджэнне па справе адбудзецца 10 сакавіка.

* * *

Суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кліп і тэкст песні «Экстрэміст». Яе напісаў і выканаў лідар брэсцкага панк-гурта «Дай Дарогу!» Юрый Стыльскі. Музыка прысвяціў кампазіцыю «ўсім экстрэмістам 2020 года».

* * *