Прадстаўнік «Рабочага руху» Рававы: Нам трэба біць далей па рэжыме. Калі не біць, нічога не зменіцца
Пра тое, чаму не быў паспяховым беларускі пратэст і як можна дапамагчы затрыманым працоўным, расказвае прадстаўнік «Рабочага руху» Юрый Рававы.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева
У Гомельскім абласным судзе ідзе разгляд справы «Рабочага руху», фігурантамі якой выступаюць дзесяць палітвязняў, дзесяць работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў. Пра працу ініцыятывы, незалежныя прафсаюзы і няўдалую забастоўку расказаў «Радыё Р*цыя» прадстаўнік руху Юрый Рававы.
— «Рабочы рух» — гэта ініцыятыва, якая была створана працоўнымі беларусамі на пачатку 2021 года. Мэта, якую мы ставілі для сябе — абарона інтарэсаў і правоў рабочых, улічваючы сітуацыю ў краіне, з агульнанацыянальным страйкам, але, на жаль, сітуацыя мянялася ў іншы бок і нам патрэбна было дзейнічаць больш агрэсіўна.
Мэта, якую мы ставілі далей — наладзіць сувязь паміж людзьмі, актывістамі з розных прадпрыемстваў. Мы разумелі, што менавіта гэтага нам не хапала ў 2020 годзе. 2022 год быў цікавым для ўсіх нас, і пасля пачатку поўнамаштабнага наступу Расіі на Украіну ў нас не было сумневу, што трэба нейкім чынам дапамагаць украінцам, бо без іх волі не будзе нашай.

На жаль, 2022 год быў годам, калі сядзелі людзі ўвесь час у турме, і нашы актывісты ў тым ліку. Мы праводзілі акцыі салідарнасці і будзем праводзіць іх надалей, але зразумела, што аднымі акцыямі так проста не выправіць сітуацыю, таму нам трэба біць далей па рэжыме. Калі не біць, нічога не зменіцца. У нас ёсць планы, якія не хацелася б раскрываць, але калі казаць у цэлым, то яны тычацца распрацоўкі мерапрыемстваў, якія могуць быць патэнцыяльна праведзены. Мы ўдасканальваем тое, што было ў 2021 годзе.
Зараз галоўная мэта — не згубіць актыў, людзей, якія глядзяць на тое, што адбываецца ў Беларусі на прадпрыемствах, адчуваюць сябе, як у канцлагеры, і вымушаны маўчаць, і зрабіць так, каб яны мелі сувязь паміж сабой.
Кажуць, што ў Польшчы «Салідарнасць» з’явілася ў 80-м годзе, і гэта цягнулася 9 гадоў да змен, да таго, як былі праведзены першыя дэмакратычныя выбары. Насамрэч, у Польшчы быў і 56-ы год, і 70-ы год, і 76-ы, і былі страйкі не толькі ў Гданьску на верфі — страйкі ўспыхвалі то тут, то там. Досвед працы незалежных прафсаюзаў, рабочых аб’яднанняў Польшчы амаль паўвекавы, таму ў гэтым пачынанні мы толькі на пачатку свайго шляху. Таму што для велізарнай колькасці рабочых прафсаюз быў месцам, дзе забіраюць іх грошы, а ў адказ камусьці даюць квіткі ў тэатр, а камусьці і не. Толькі з’явілася ў людзей разуменне, што такое незалежныя прафсаюзы і аб’яднанні рабочых. Гэтая дэзарганізаванасць, неразуменне важнасці ўтварэння сваіх арганізацый і іх дзеянняў і не далі ў 2020 годзе даціснуць рэжым.

Нагадаем, справа «Рабочага руху» пачалася год таму, калі КДБ затрымаў каля двух дзясяткаў рабочых беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Суд над імі пачаўся 9 лістапада. Усе фігуранты справы адмовіліся ад паказанняў і не прызналі віны.
Чым можна дапамагчы затрыманым з «Рабочага руху»
Шмат чаго зрабіла для руху, напрыклад, Ганна Аблаб, — гаворыць Рававы. — Дзякуючы ёй у жніўні 2021 года мы разумелі, што расійцы разварочваюць актыўнасць у Беларусі і вязуць куды больш тэхнікі на вучэнні.
Што для іх можна зрабіць? Хаця б малы грашовы перавод на 5 рублёў дае людзям зразумець, што пра іх памятаюць. Калі ліст можна не атрымаць, то грашовы перавод бачны. Гэта дадае ім моцы.