Сям'ю Лівянтаў адправілі на «суткі» паводле стандартнай схемы палітычнага пераследу
Няма сумневу, што адміністрацыйныя абвінавачванні сфабрыкаваныя.
![photo_2023_01_03_15_12_33.jpg photo_2023_01_03_15_12_33.jpg](/img/v1/images/photo_2023_01_03_15_12_33.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сям'ю вядомага рэпетытара Яўгена Лівянта адправілі на «суткі». Вядома, што самога педагога абвінавацілі ў «дробным хуліганстве», якія артыкулы прад'явілі яго сваякам, не паведамляецца.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, суд над Яўгенам адбыўся 29 снежня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска. Суддзя Юлія Крэпская прызнала яго вінаватым паводле арт. 19.1 КаАП.
Як паведамляе «Св*бода», Яўгена Лівянта асудзілі на 14 сутак
арышту, ягоную жонку Юлію Лівянт — на 15 сутак, а іх дачку Ганну Лівянт — на 14
сутак. Ці асудзілі мужа Ганны Лівянт, пакуль невядома.
Саўладальніка адукацыйнага цэнтра «100 балаў» Аляксея
Іванова арыштавалі на 14 сутак.
Як бачым, палітычны пераслед сям'і Лівянтаў і Аляксея Іванова адбываецца па стандартнай схеме. У такім выпадку пасля затрымання рэпрэсаваным прызначаюцца адміністрацыйныя арышты паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, а потым заводзяцца крымінальныя справы.
Што «дробнае хуліганства» ў выкананні вядомага настаўніка, затрыманага падчас заняткаў, менавіта сфабрыкаванае, сумневаў няма. Як і ў тым, што ніякага адміністрацыйнага правапарушэння ў адзін момант уся вядомая ў Беларусі сям'я не здзейсніла.
Разам з тым магчымы варыянт, што пасля «адміністрацыйкі» затрыманыя выйдуць на волю. У сённяшняй Беларусі бывае ўсялякае.
Нагадаем, сям'я Лівянтаў і Аляксей Іваноў зараз знаходзяцца на Акрэсціна.
![Яўген Лівянт: Мінадукацыі плануе ліквідаваць ліцэі Яўген Лівянт: Мінадукацыі плануе ліквідаваць ліцэі](/img/v1/images/liviant_2911.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Яўген Лівянт —
вядомы беларускі педагог, рэпетытар па фізіцы і матэматыцы, кіраўнік
рэпетытарскага цэнтра «100 балаў», які займаецца падрыхтоўкай абітурыентаў да
ЦТ.
Пасля яго затрымання сілавікі заявілі, што ў 2020 годзе ён «удзельнічаў у перакрыцці дарог і масавых парушэннях парадку» і «распачаў спробу захопу дзяржаўнай улады» шляхам удзелу ў каардынацыйнай радзе, а яго цэнтр нібыта незаконна ажыццяўляў адукацыйную дзейнасць на аснове змовы з прыватнай школай.